Уладзімір Яроменак: Палітвязні - гэта тавар для гандлю
2- 20.08.2013, 13:58
- 11,580
Еўропа пачынае здаваць пазіцыі па пытанні вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў у Беларусі.
Такое меркаванне выказаў актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак ў інтэрв'ю сайту charter97.org пасля вынясення яму прысуду да трох месяцаў арышту.
«Такі прысуд быў нечаканым, таму што я рыхтаваўся да горшага. У любым выпадку, тры месяцы - не шэсць, але я лічу прысуд незаконным, таму буду падаваць касацыйную скаргу. Калі на працягу 10 дзён я яе не падам, то прысуд уступіць у сілу», - адзначыў актывіст.
Ён падкрэсліў, што абсалютна не спадзяваўся на апраўдальны прысуд.
«Я не меў ніякіх ілюзій і разумеў, што раз завялі справу, то прызнаюць вінаватым. Судовая сістэма Беларусі такая, што крымінальныя справы рэдка спыняюць і прызнаюць чалавека невінаватым», - дадаў Уладзімір Яроменак.
Ён лічыць, што калі Захад ужо паставіў нейкія ўмовы афіцыйнаму Менску, то павінен іх прытрымлівацца і не даваць ніякай слабіны.
«Рэжыму Лукашэнкі толькі на руку тое, што ЕЗ пачынае «дыялог», першым ідучы на саступкі. Той факт, што сёння спадар Макей ездзіць па самітах, паказвае, што Еўропа пачынае здаваць пазіцыі. Натуральна, што за амаль 20 гадоў свайго існавання рэжым прывык да таго, што палітвязні - гэта не людзі, а тавар для гандлю і грошы», - падсумаваў Уладзімір Яроменак.
Нагадаем, актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак у студзені 2011 года быў арыштаваны, як падазраваны па справе «аб масавых беспарадках». Быў асуджаны на тры гады. Адбываў пакаранне ў калоніі пад Віцебскам. У жніўні 2011 года ў ліку іншых фігурантаў быў памілаваны. З тых часоў яшчэ некалькі разоў апыняўся за кратамі па адміністрацыйных артыкулах.
15 сакавіка 2013 года суд Першамайскага раёна Менска на 6 месяцаў падоўжыў прэвентыўны нагляд у дачыненні да актывіста, які быў устаноўлены год назад. Учора суд Першамайскага раёна Менска прызнаў былога палітвязня Уладзіміра Яроменка вінаватым у парушэнні прэвентыўнага нагляду і прыгаварыў да трох месяцаў арышту.