Гендырэктар «Уралкалію» Баўмгертнер арыштаваны ў Менску
192- 26.08.2013, 14:06
- 144,031
Следчы камітэт Беларусі абвінаваціў Уладзіслава Баўмгертнера ў злоўжываннях уладай.
Абвінавачванні звязаныя з яго дзейнасцю на пасадзе кіраўніка назіральнага савета Беларускай калійнай кампаніі - сумеснага трэйдара «Беларуськалію» і «Уралкалію». Нагадаем, нядаўна расейская кампанія адмовілася ад экспарту калійных угнаенняў праз БКК.
Уладзіслаў Баўмгертнер, які таксама з'яўляецца генеральным дырэктарам «Уралкалію», абвінавачваецца ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. У дачыненні да яго абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Яшчэ чацвёра супрацоўнікаў Беларускай калійнай кампаніі абвешчаныя ў міжнародны вышук, перадае «Інтэрфакс».
«Следчым камітэтам Беларусі расследуюцца крымінальныя справы, распачатыя Генеральнай пракуратурай па ч.3 арт.424 «Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі» ў дачыненні да службовых асоб ЗАТ «Беларуская калійная кампанія»: старшыні назіральнага савета - Уладзіслава Баўмгертнера, члена назіральнага савета - Алега Пятрова, першага намесніка генеральнага дырэктара - Канстанціна Саладоўнікава, намесніка генеральнага дырэктара па фінансах - Ігара Еўстратава, начальніка фрахтавага аддзела - Змітра Самойлава і іншых асобаў», - паведамілі ў СК.
Падставай для распачынання крымінальных спраў паслужылі «матэрыялы аб здзяйсненні злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія пацягнулі нанясенне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Беларусі, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК», адзначылі ў СК.
«На падставе наяўных доказаў і іншых фактычных матэрыялаў Следчым камітэтам вынесеныя пастановы аб прызнанні названых асоб абвінавачанымі. Старшыня назіральнага савета ЗАТ «БКК» У.Баўмгертнер затрыманы, у дачыненні да яго абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, - паведамілі ў СК. - А. Пятроў, К.Саладоўнікаў, І.Еўстратаў, З.Самойлаў абвешчаныя ў вышук, у тым ліку па лініі Інтэрпола».
Фота: vedomosti.ru