Аляксандр Сурыкаў: Улады Беларусі дыскрэдытавалі сябе
203- 28.08.2013, 7:06
- 101,365
Амбасадар Расеі ў Беларусі яшчэ ніколі не выказваўся настолькі рэзка.
Аляксандр Сурыкаў заявіў, што арышт у Менску кіраўніка назіральнага савета Беларускай калійнай кампаніі, гендырэктара Уралкалію Уладзіслава Баўмгертнера варта разглядаць як выпадак, які дыскрэдытуе беларускія ўлады, перадае «Інтэрфакс».
«Мае месца нейкая незразумелая дыскрэдытацыя ўлады», - заявіў Сурыкаў у аўторак у інтэрв'ю акрэдытаваным у Менску карэспандэнтам расейскіх тэлеканалаў.
Ён нагадаў, што Баўмгертнер прыбыў у Менск па запрашэнні прэм'ер-міністра, адбылася сустрэча з ім, пасля якой кіраўнік «Уралкалію» збіраўся з’ехаць у Маскву, але ў аэрапорце быў затрыманы.
У цяперашні час, па словах Сурыкава, затрыманы Уладзіслаў Баўмгертнер знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
«Я такой міжнароднай практыкі наогул не ведаю: калі ўлада запрашае, а потым праваахоўныя органы затрымліваюць. Напэўна, запрашэнне з'яўляецца свайго роду гарантыяй бяспекі, і дзеянні потым праваахоўных органаў у дадзенай сітуацыі не зусім карэктныя ў дачыненні да ўласнай улады», - сказаў дыпламат.
Ён дадаў, што «ў міжнароднай практыцы, напэўна, такія неспадзяванкі бываюць, але гэта незвычайна рэдка».
Пра затрыманне Уладзіслава Баўмгертнера паведаміў 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі. У дачыненні да гендырэктара «Уралкалію», які з'яўляецца старшынёй назіральнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» распачатая справа па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).
Баўмгертнер знаходзіўся ў Беларусі па запрашэнні кіраўніка беларускага ўрада. Начальнік упраўлення па сувязях з грамадскасцю «Уралкалію» Аляксандр Бабінскі паведаміў, што акрамя Уладзіслава Баўмгертнера ў Менск запрашаліся старшыня савета дырэктараў «Уралкалію» Аляксандр Валошын і акцыянер кампаніі Сулейман Керымаў. Затрыманне Баўмгертнера, якое адбылося ўжо пасля перамоваў, ва «Уралкаліі» расцэньваюць як «грубую правакацыю», заявіў Бабінскі.