Цэнзура выразала сюжэт НТВ пра арышт Баўмгертнера (Відэа)
46- 28.08.2013, 12:04
- 69,980
Беларускія цэнзары выразалі сюжэт пра арышт гендырэктара «Уралкалію» з вячэрняга выпуску «Сегодня. Итоги» для беларускай аўдыторыі.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў чытач.
«Вырашыў паглядзець эфір НТВ-Беларусь, у прыватнасці, вячэрні выпуск «Сегодня. Итоги» для беларускай аўдыторыі, і не пралічыўся. Усё, як звычайна - беларускія цэнзары выразалі сюжэт пра арышт гендырэктара «Уралкалію». Па-першае, выпуск навінаў пачаўся без анонсу. Гэта і зразумела - анонс праблематычна парэзаць. Да таго ж вячэрні выпуск навінаў Таццяна Міткова пачала словамі: «З такімі саюзнікамі ніякія ворагі не патрэбныя», - піша чытач.
Ён дадаў, што пасля першага інфармацыйнага сюжэту пра магчымую аперацыю амерыканскіх войскаў у Сірыі адразу ж пайшла вельмі доўгая рэклама.
«І, вядома ж, як вы разумееце, сюжэт пра арышт Уладзіслава Баўмгертнера выразалі. Рэпартаж пра выезд арганізацыі FEMEN з Украіны ішоў наступным у вёрстцы навінаў у арыгінале», - сказаў на заканчэнне чытач.
Нагадаем, пра затрыманне Уладзіслава Баўмгертнера паведаміў 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі. У дачыненні да гендырэктара «Уралкалію», які з'яўляецца старшынёй назіральнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», распачатая справа па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).
Яшчэ чацвёра топ-мэнэджараў «Уралкалію» абвешчаныя ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола.