Баўмгертнеру ў СІЗА перадалі «Ганну Карэніну», ваду і яблыкі
97- 30.08.2013, 10:25
- 56,593
(абноўлена ў 11:50) Расейскім дыпламатам атрымалася сустрэцца ў СІЗА КДБ Беларусі з гендырэктарам «Уралкалію».
Супрацоўнікі дыппрадстаўніцтва РФ перадалі Уладзіславу Баўмгертнеру ў СІЗА асабістыя рэчы і ваду, перадае карэспандэнт РІА Новости.
Гендырэктар «Уралкалію», які нядаўна спыніў супрацоўніцтва з найбуйнейшым прадпрыемствам рэспублікі «Беларуськалій», быў затрыманы ў менскім аэрапорце 26 жніўня.
«Яму перададзеныя рэчы, якія дазволеныя для перадачы ў СІЗА КДБ. У прыватнасці , яму перадалі яблыкі, пітную ваду, туалетныя, пісьмовыя прыналежнасці, канверты, а таксама кнігу «Ганна Карэніна», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» загадчык консульскага аддзела амбасады РФ Ігар Карагін.
«Самаадчуванне у яго нармальнае, хоць ён выглядае стомленым», - сказаў Г.Мамантаў. Ён адзначыў, што У.Баўмгертнер не выказаў скаргаў з нагоды ўмоваў яго ўтрымання ў СІЗА КДБ.
Як адзначыў расейскі дыпламат са спасылкай на размову з У.Баўмгертнерам, у СІЗА КДБ «стаўленне да яго карэктнае». «Я так зразумеў, ён змяшчаецца ў адзіночнай камеры», - сказаў першы сакратар амбасады РФ у Беларусі Гаўрыіл Мамантаў.
Ён распавёў, што гендырэктар «Уралкалію» папрасіў «сваякоў не хвалявацца». «Ён папрасіў праінфармаваць маму, што адчувае сябе добра», - удакладніў Г.Мамантаў.
Як адзначыў прадстаўнік расейскай амбасады, падчас сустрэчы У.Баўмгертнеру было растлумачана, які рэзананс атрымала яго затрыманне.
Г.Мамантаў растлумачыў, што да сённяшняга дня ў У.Баўмгертнера не было доступу да сродкаў масавай інфармацыі. Ён распавёў, што адвакаты будуць дапамагаць афармляць зварот на атрыманне тэлевізара для ўсталёўкі ў камеру У.Баўмгертнеру. Пры гэтым дыпламат паведаміў, што ў гендырэктара «Уралкалію» ёсць магчымасць карыстацца бібліятэкай у СІЗА, таксама яму прадастаўленыя адміністрацыяй СІЗА пісьмовыя прыналежнасці для напісання лістоў.
«Магу канстатаваць, што ў дачыненні да расейскага грамадзяніна парушэнняў у плане ўтрымання не адзначана», - сказаў Г.Мамантаў. «Амбасада трымае сітуацыю на кантролі і будзе прадпрымаць неабходныя меры для таго, каб становішча беларускага заканадаўства і двухбаковай канвенцыі аб консульскіх зносінах да яго ўжываліся», - адзначыў ён.
Г.Мамантаў дадаў, што амбасада спадзяецца на працяг сустрэч расейскіх дыпламатаў з У.Баўмгертнерам. Паводле яго слоў, амбасада высвятляе ў Следчага камітэта Беларусі, з'яўляецца выдадзены дазвол на сустрэчу разавым ці можа быць пралангаваны.
Г.Мамантаў таксама паведаміў, што на пятніцу запланаваная сустрэча беларускіх адвакатаў з гендырэктарам «Уралкалію».
«Адвакаты сёння будуць сустракацца з Уладзіславам Артуравічам», - сказаў Г.Мамантаў.
Расейскі дыпламат адзначыў, што У.Баўмгертнерам была выказаная заўвага, што сустрэча з адвакатамі ў яго была толькі пры затрыманні і допыце. У гэтай сувязі Г.Мамантаў паведаміў, што дасягнутая дамоўленасць аб тым, што беларускія адвакаты будуць мець магчымасць сустрэчы з У.Баўмгертнерам мінімум 1 раз у тыдзень.
«Адвакаты знаходзяцца ў пастаянным кантакце з амбасадай. Калі будзе жаданне дадатковай сустрэчы - амбасада падрыхтуе адпаведную ноту», - працягнуў ён.
Следчы камітэт Беларусі прад'явіў Баўмгертнеру абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, магчымая санкцыя - пазбаўленне волі на тэрмін да дзесяці гадоў.
Раней маці затрыманага ў Менску гендырэктара ААТ «Уралкалій» адмовілі ў сустрэчы з сынам, і яна пакінула Менск.