Амерыканскі сенатар назваў Пуціна «школьным хуліганам»
27- 5.08.2013, 9:54
- 11,624
Сенатар-дэмакрат Чарльз Шумер параўнаў рашэнне расейскіх уладаў даць прытулак былому супрацоўніку ЦРУ з учынкам школьнага хулігана.
Ён параіў Бараку Абаму адмяніць вераснёўскі візіт у Расею, перадае РБК.
«Прэзідэнт Пуцін паводзіць сябе як школьны хуліган. Па сваім досведзе ведаю, што калі такому хулігану не даць адпор, то ён ніколі не спыніцца», - сказаў Чарльз Шумер падчас ток-шоў на тэлеканале CBS «Тварам да народа».
У якасці такога адпору сенатар парэкамендаваў Б.Абаму адмяніць двухбаковую сустрэчу з Пуціным у Маскве, запланаваную ў рамках вераснёўскага саміту G20.
Раней Шумер прапаноўваў перанесці вераснёўскі саміт G20 з Санкт-Пецярбурга ў іншае месца, калі Расея не выдасць Эдварда Сноўдэна.
Нагадаем, 1 жніўня Расея прадаставіла Сноўдэну часовы прытулак тэрмінам на 1 год. Атрымаўшы дакументы, амерыканец адразу ж пакінуў Шарамеццева, дзе знаходзіўся больш за месяц. ЗША выказалі «глыбокае расчараванне» дадзеным рашэннем расейскіх уладаў і заявілі пра намер працягваць перамовы з Масквой аб выдачы збеглага інфарматара.
Сноўдэн, былы сістэмны адміністратар амерыканскай кампаніі Booz Allen Hamilton, якая працуе па кантрактах з ЦРУ і Агенцтвам нацыянальнай бяспекі (АНБ) ЗША, стаў вядомы свету пасля таго, як распавёў заходнім СМІ пра татальны кантроль амерыканскіх спецслужбаў за Інтэрнэтам і тэлефонным размовамі.
У ЗША яму былі прад'яўленыя абвінавачванні ў шпіянажы і крадзяжы дзяржаўнай уласнасці, за якія выкрывальніку спецслужбаў пагражае да 30 гадоў турмы.