2 траўня 2024, Чацвер, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адам Бяляцкі: Я ўдзячны ўсім, хто падтрымлівае нашую сям'ю

5
Адам Бяляцкі: Я ўдзячны ўсім, хто падтрымлівае нашую сям'ю

Сын Алеся Бяляцкага выказаў падзяку ўсім, хто салідарны з беларускім палітвязням.

Напярэдадні гадавіны арышту беларускага праваабаронцы ягоны сын Адам Бяляцкі даў інтэрв'ю «Радыё Рацыя».

- Людзі ва ўсім свеце, якія перажываюць за лёс Беларусі, салідарныя з Алесем Бяляцкім. А як вы, самыя блізкія, перажылі гэты моцны ўдар?

- Для мяне з мамай гэта было даволі нечакана. Мы вельмі моцна хваляваліся. Цяпер прайшоў час. І мы неяк прыстасаваліся да сітуацыі.

- Сітуацыя перад арыштам была няпростая. Афіцыйныя СМІ неаднаразова цкавалі і твайго бацьку асабіста, і праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта была адна з нямногіх арганізацый у Беларусі, вельмі эфектыўных, якая займалася і займаецца цяпер маніторынгам правапарушэнняў, выступае супраць смяротнага пакарання і займаецца непасрэднай дапамогай асуджаным і іх сем'ям.

- Вядома, што «Вясна» была і з'яўляецца цяпер вельмі ўплывовай арганізацыяй. І тое, што бацька яе стварыў, павінна было мець для яго пэўныя наступствы з боку ўлады. Улады шукалі магчымасці, якім чынам можна было б спыніць гэтую дзейнасць.

- Твае бацькі цяпер не маюць магчымасці часта сустракацца.

- Так. Пастаянна ствараюцца нейкія перашкоды, то касуюцца спатканні, то забараняюць перадачы. Гэта вялікі ціск не толькі на маю маму, але і на бацьку. Бо перажыць расстанне з блізкімі яму было б нашмат лягчэй.

- Алеся Бяляцкага ізалююць не толькі ад блізкіх, але і ад зняволеных. Але ўсе, хто перапісваецца з тваім бацькам, кажуць, што ён не скардзіцца на свой лёс, а наадварот - піша лісты, прасякнутыя аптымізмам і падтрымлівае тых, хто на волі.

- У яго такі характар. Ён заўсёды настроены пазітыўна, што б не здаралася. Тыя лісты, якія да яго прыходзяць, яму таксама дадаюць энэргіі. Тут двухбаковая сувязь адбываецца.

- Адам, ты выхоўваўся ў незвычайнай сям'і. Твой бацька даўно звязаў жыццё з праваабарончай дзейнасцю. Ты, напэўна, з дзяцінства прывык да таго, што бацьку затрымлівалі і арыштоўвалі за ягоную дзейнасць?

- Для бяспекі ў дзяцінстве на мітынгі мяне вадзіла мама, бо тату звычайна затрымлівалі. Часта яго прысуджалі да арышту. Улады даўно ім «цікавяцца».

-Ты выхоўваўся ў беларускамоўнай сям'і. Ці не адчуваў ты сябе «белай варонай» у расейскамоўным Менску?

- Мне ў Менску было вельмі камфортна. Мае сябры даволі хутка звыклі, што я размаўляю па-беларуску.

- Алесь Бяляцкі прысуджаны да 4,5 гадоў зняволення. Будзем спадзявацца, што пабачым яго на волі раней.

- Безумоўна, будзем спадзявацца на больш хуткае вызваленне. Але само сабой нічога не адбываецца. Для гэтага трэба рабіць захады. Усіх заклікаю, каб па магчымасці падтрымлівалі майго бацьку, пісалі яму лісты. І хачу шчыра падзякаваць усім, хто яму дапамагае і падтрымлівае нашу сям'ю.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках