3 траўня 2024, Пятніца, 19:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

C хворай галавы

83
C хворай галавы

У Беларусі павышаюць кошты на бензін, гарэлку, камунальныя паслугі і шукаюць вінаватых у крызісе.

Эканамічныя праблемы ў Беларусі растуць кожны дзень. Яскравае сведчанне гэтага - рэзкі скачок коштаў і камунальных тарыфаў за апошнюю пару тыдняў. Кіраўніцтва краіны папракаюць у тым, што яно, замест таго каб падыходзіць да сітуацыі комплексна і спрабаваць яе вырашыць, перакладае на грамадзян не толькі праблемы напаўнення бюджэту, але і спрабуе абвінаваціць беларусаў ва ўласных эканамічных праліках, пішуць «Новые Известия».

З пачатку верасня ў Беларусі падаражэў бензін. Адбылося гэта з-за павелічэння ставак акцызаў на аўтамабільныя бензіны на 45%, на дызельнае паліва - на 70%. Апошні раз паліва даражэла ў краіне 16 студзеня гэтага года, і іншых планаў па росту коштаў у гэтым годзе запланавана не было. А некалькімі тыднямі раней у краіне падаражэла гарэлка. Акрамя таго, высветлілася, што паступова будуць расці камунальныя плацяжы. Па планах урада, яны павінны скласці 15% ад сярэдняга спажывецкага кошыка. Зараз яны на ўзроўні 7-8%.

«Жыць па сродках» пасля крызісу 2010 года беларусам раілі ўсе, ад кіраўнікоў выканкамаў да Лукашэнкі. Эканамічныя ведамствы краіны нават разлічылі, як гэта зрабіць: рост прадукцыйнасці працы не павінен перавышаць рост заробкаў. Але ўдалы 2012 год зноў унушыў беларускаму кіраўніцтву эканамічны аптымізм, і ўлада загаварыла ўжо пра сярэдні заробак не ў пяцьсот, а ў тысячу даляраў. Аднак у 2013 годзе краіна зноў сутыкнулася з эканамічнымі праблемамі - сальда знешняга гандлю сышло ў мінус, на фоне падзення рынку калійных угнаенняў чакаецца скарачэнне паступленняў у бюджэт. У давяршэнне да ўсяго Расея пагражае забараніць пастаўкі на свой рынак беларускай малочнай прадукцыі. На фоне знешніх праблем абвастрылася і ўнутраная: рост заробкаў ізноў апярэдзіў прадукцыйнасць працы. Прасцей кажучы, атрымліваюць беларусы больш, чым зарабляе эканоміка.

Праблема, якая на дадзены момант востра стаіць перад краінай, - гэта адток працоўнай сілы. Па дадзеных кансалтынгавых агенцтваў, толькі ў мінулым годзе на заробкі ў Расею з'ехалі 1-1,3 мільёнаў беларусаў – трэць працаздольнага насельніцтва. Натуральна, калі заработная плата ў краіне будзе зніжацца, паток працоўных мігрантаў толькі павялічыцца. Спыніць міграцыю ўрад прапаноўваў некалькімі спосабамі: увесці падатак на беспрацоўных, выстаўляць павышаныя рахункі за камунальныя, адукацыйныя і медыцынскія паслугі тым, хто не працуе на нацыянальную эканоміку.

МУС Беларусі спрабавала нават вылічыць такіх грамадзян шляхам пакватэрнага абыходу. Калі ўсе гэтыя меры на практыцы рэалізаваць не ўдалося, улады прыйшлі да высновы, што трэба пазбавіць такіх работнікаў пенсіі. У адпаведнасці з нядаўнім указам Лукашэнкі цяпер прэтэндаваць на атрыманне мінімальнай пенсіі могуць толькі тыя беларусы, якія адпрацавалі ў краіне з выплатай неабходных адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва не менш за 10 гадоў. Раней для гэтага хапала 5 гадоў.

Грамадзяне падчас прамой тэлефоннай лініі з міністрам эканомікі Мікалаем Снапковым прама казалі, што «дзяржава займаецца перакладваннем на насельніцтва праблем бюджэту». Але ўлада яшчэ спрабуе зрабіць беларусаў вінаватымі ва ўласных эканамічных памылках.

Калі падчас леташняга крызісу ва ўсім, калі верыць ураду, былі вінаватыя аўтамабілісты, якія перад павышэннем пошлін закупляліся ў Еўропе таннымі машынамі, то зараз вінаватыя проста ўсе, хто выязджае з краіны і вывозіць валюту.

Самыя злосныя шкоднікі - тыя, хто аддае перавагу купляць танную вопратку, абутак, парфумерыю ў Літве і Польшчы. На тое, што беларусы не хочуць купляць айчыннае, а трацяць мільярды за мяжой, яшчэ летам крыўдзіўся прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. А ў мінулую пятніцу Лукашэнка прадставіў вельмі простае рашэнне праблемы: браць з беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, па 100 даляраў. Сапраўды, і чэргі на мяжы паменшацца, і бюджэт папоўніцца.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках