4 траўня 2024, Субота, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судовая шызафрэнія

12
Судовая шызафрэнія

Суд Ленінскага раёна Брэста падтрымаў звальненне прафсаюзнага актывіста, хаця прызнаў, што з прадпрыемства «Граніт» у Мікашэвічах ён быў звольнены з парушэннем закона.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, спатрэбілася правесці пяць судовых пасяджэнняў, каб было вынесенае рашэнне па пазове памочніка экскаватаршчыка РУВП «Граніт» Леаніда Дубаносава да РУВП «Граніт». Леанід апынуўся апошнім актывістам Беларускага Незалежнага прафсаюза, ад якога пазбавілася кіраўніцтва мікашэвіцкага прадпрыемства, звольніўшы адразу ж пасля выхаду з адпачынку. Прычынай звальнення сталі нібыта дапушчаныя ім два парушэнні на працягу некалькіх дзён. Прычым у першым выпадку Дубаносаў знаходзіўся на бальнічным, а ў іншым - у чарговым адпачынку. Дарэчы, прадстаўнікі адказчыка давалі падчас судовых слуханняў вельмі блытаныя паказанні на конт таго, ці сапраўды Дубаносаў парушыў тэхніку бяспекі.

У выніку старшыня Лунінецкага раённага суда Міхаіл Дзянісавіч вымушаны быў прызнаць, што актывіста незалежнага прафсаюза звольнілі незаконна і ў адрас кіраўніцтва «Граніту» адпраўленае прыватнае вызначэнне. Акрамя таго, суд абавязаў адміністрацыю дадзенага прадпрыемства выплаціць Леаніду Дубаносаву матэрыяльную дапамогу да адпачынку ў памеры 1 мільёна рублёў, як гэта прадугледжана калектыўнай дамовай (хоць прадстаўнікі «Граніту» спрабавалі даказаць, што сам Дубаносаў з заявай на дапамогу не звяртаўся). Паводле судовага вердыкта, Леанід таксама мае права патрабаваць ад прадпрыемства кампенсацыі за нанесеную маральную шкоду.

Цікава, што, прызнаўшы факт незаконнага звальнення прафсаюзнага актывіста, суддзя адначасова заявіў: выяўленыя пры гэтым парушэнні Працоўнага кодэкса не даюць падставы Дубаносаву аднавіцца на працы. Таксама яму было адмоўлена ў задавальненні астатніх пазоўных патрабаванняў, а менавіта - ліквідацыі дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці (на чым асабліва настойваў Леанід) і спагнання заработнай платы за вымушаны прагул. У ходзе судовых слуханняў Дубаносаў прама заявіў, што праблемы ў яго пачаліся адразу пасля таго, як ён уступіў у незалежны прафсаюз. Паводле яго слоў, прадстаўнікі адміністрацыі «Граніту» неаднаразова папярэджвалі, што ў выпадку працягу прафсаюзнай дзейнасці памочніка экскаватаршчыка звольняць. Пасля адмовы ад выхаду з шэрагаў прафсаюза і пачаліся рэгулярныя праверкі, якія закліканыя былі знайсці парушэнні ў працы Леаніда Дубаносава.

Пасля абвяшчэння рашэння Лунінецкага суда Дубаносаў і прадстаўнікі Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, якія дапамагалі яму адстойваць сваю пазіцыю, заявілі пра намер абскардзіць вынесены вердыкт у вышэйстаячых інстанцыях.

Нагадаем, што ў канцы 2011 года 600 працаўнікоў «Граніту» заявілі пра выхад з дзеючай на прадпрыемстве афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі і заявілі пра намер стварыць альтэрнатыўную першасную структуру БНП, якая рэальна змагалася б за іх правы. Аднак зарэгістраваць незалежны прафсаюз не ўдалося, бо для гэтага яму трэба атрымаць юрыдычны адрас, а адміністрацыя прадпрыемства адмаўляе ў прадастаўленні памяшкання і аказвала ціск на прыхільнікаў новай арганізацыі.

З моманту стварэння гэтай прафсаюзнай суполкі з прадпрыемства былі звольненыя самыя актыўныя сябры незалежнага прафсаюза - Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў і яго жонка Маргарыта, Генадзь Паўлоўскі, Віталь Пашэчка, Людміла і Анатоль Літвінко.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках