Канстанцін Каплін: «Гэта не я намінаваў Лукашэнку на Шнобеля»
39- 13.09.2013, 18:44
- 64,340
Жыхар Гародні, праз якога Лукашэнка атрымаў Шнобелеўскую прэмію, спадзяецца, што ў таго досыць розуму не помсціць.
Вылучыць кіраўніка Беларусі на Шнобелеўскую прэмію мог кожны чалавек. Гэтае правіла прапісанае ў прынцыпах намінавання.
«Салідарнасць» адшукала Канстанціна Капліна - жыхара Гародні, якога суд аштрафаваў на мільён рублёў за публічнае плясканне ў ладкі, нягледзячы на тое, што ў яго маецца толькі адна рука.
Канстанціна развесяліла навіна аб прысуджэнні Лукашэнку Шнобеля за забарону публічных воплескаў і арышт чалавека з адной рукой за воплескі.
- Увесь свет смяецца над сабой. Чаму б і нам гэта не зрабіць? Цяпер акурат гляджу цырымонію прэміі, - падзяліўся суразмоўца.
Канстанцін заўважыў, што лаяльныя да ўлады СМІ пра Шнобеля Лукашэнкі нічога не пішуць.
- Альбо кіраўнік дзяржавы ўмее пасмяяцца над сабой, альбо ягоныя падначаленыя доўга думаюць, як на гэта адрэагаваць. Можа быць, паспеюць, - выказаў меркаванне Канстанцін Каплін.
Ён кажа, што да вылучэння кіраўніка Беларусі на жартоўную Нобелеўскую прэмію не мае ніякага дачынення.
- Толькі сёння даведаўся, што кожны чалавек можа гэта зрабіць. Дзіўна, што два гады з лішкам прайшло, і толькі цяпер згадалі тую гісторыю з забаронай воплескаў.
Калі суд аштрафаваў яго на мільён рублёў, Косця баяўся, што застанецца галодным. На той момант сума складала амаль 200 даляраў.
- Дзякуй праваабаронцам з «Вясны». Дапамаглі выплаціць штраф, - кажа ён.
Канстанцін Каплін не выключае, што пасля прысуджэння Лукашэнку Шнобеля ўлады пачнуць супраць яго рэпрэсіі, але спадзяецца, што ў чыноўнікаў стане розуму, і да гэтага не дойдзе.
Фота: RFE/RL