2 траўня 2024, Чацвер, 17:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BBC аб шпіёнаманіі ў Беларусі

16
BBC аб шпіёнаманіі ў Беларусі

Затрыманне ксяндза Лазара стаіць у адным шэрагу з арыштамі Андрэя Гайдукова і Антона Сурапіна.

Як паведамляюць прадстаўнікі Рымска - каталіцкай царквы ў Беларусі, ксёндз Уладзіслаў Лазар арыштаваны і абвінавачваецца ў саўдзеле ў шпіянажы. Ён утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ. Беларускія спецслужбы афіцыйна не камэнтуюць арышт каталіцкага святара і не кажуць, у чым канкрэтна яго вінавацяць, паведамляе BBC.

Каталіцкі святар Уладзіслаў Лазар знік у апошні дзень траўня. Яго сястра Яніна Лембовіч сказала, што калі тэлефон брата перастаў адказваць, яна абзваніла бальніцы і моргі. Прыкладна праз тыдзень Яніна падала заяву аб знікненні брата ў міліцыю, але ёй патэлефанавалі з КДБ.

«Сказалі: ваш брат жывы і здаровы, ён затрыманы. І паклалі слухаўку», - жанчына не можа стрымаць слёз.

Спецслужбы інфармацыю аб магчымым затрыманні не каментавалі, а царкоўныя іерархі прызнаваліся, што даведаліся пра гэта з прэсы.

У чацвер да вечара сайт Рымска - каталіцкай царквы ў Беларусі паведаміў: «Пасля многіх намаганняў і доўгага чакання сёння, 12 верасня, Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі атрымала ад дзяржаўных органаў інфармацыю аб затрыманні Уладзіслава Лазара».

Айцец Уладзіслаў абвінавачваецца ў парушэнні п.1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» Крымінальнага кодэкса Беларусі. «Ксяндзу У. Лазару ставіцца ў правіну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы», - паведамляе РКЦ.

Без каментароў

Царкоўныя іерархі паабяцалі, што арышт каталіцкага святара не паўплывае на «клімат даверу Беларусі да Апостальскай Сталіцы і на павагу да Каталіцкай царквы». Улады абяцаюць таксама, што Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі, арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці будзе прадстаўленая магчымасць асабістай сустрэчы з арыштаваным ксяндзом.

«Дзяржаўныя ўлады гарантуюць, што царкоўная іерархія будзе рэгулярна інфармаваць пра вынікі следства, якое працягваецца», - паведамляе РКЦ.

Але КДБ Беларусі па - ранейшаму не каментуе паведамленні пра затрыманне святара, аб прычынах яго арышту і следстве, якое нібыта ідзе.

Лукашэнка ў канцы ліпеня мімаходзь паведаміў аб шпіёнскім скандале, у якім замяшаны прадстаўнік царквы.

«Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які служыў у спецслужбах і які праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы быў звязаны з замежнымі дзяржавамі», - сказаў Лукашэнка. З ягоных слоў, затрыманы супрацоўнік спецслужбаў «не толькі здаваў інфармацыю, але праз ягоную дзейнасць пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой».

Заінтрыгаваныя журналісты выявілі праз месяц пасля гэтага выказвання, што з пераліку намеснікаў старшыні КДБ, размешчанага на сайце ведамства, знікла прозвішча аднаго з высокапастаўленых генералаў.

«Гэтыя падзеі не звязаныя ніякім чынам», - заявіў начальнік прэс -службы КДБ Беларусі Артур Трох.

«Мы ніяк не каментуем падзеі, звязаныя з Уладзіславам Лазарам і названым вамі генералам», - паведаміў ён.

Пошукі ворагаў

«Упершыню за 19 гадоў кіравання Лукашэнкі чалавека забіраюць і трымаюць ужо столькі часу без публічных абвінавачванняў», - заўважае палітык Павел Севярынец, які сам адбывае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ за ўдзел у пратэстным мітынгу ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

«Мэта гэтага арышту - кантраляваць каталікоў у Беларусі і прымусіць Ватыкан зрабіць крокі насустрач беларускаму рэжыму, магчыма, паспрыяць змене адносінаў Еўропы ў дачыненні да афіцыйнага Менска. Спатрэбіўся закладнік - як Баўмгертнер (арыштаваны ў Менску гендырэктар «Уралкалія») у выпадку з Расеяй», - упэўнены Севярынец.

Палітык Павел Севярынец вядомы ў Беларусі як руплівы хрысціянін. Аргкамітэт па стварэнні хрысціянска -дэмакратычнай партыі, куды Павел уваходзіць, распаўсюдзіў заяву з патрабаваннем вызвалення ксяндза Лазара.

«Мы добра ведаем кошт абвінавачванняў, якія штампуюцца ва ўстанове па вуліцы Камсамольскай (месца размяшчэння КДБ Беларусі), і не верым ні «следству», ні працэсам у духу сталінскіх часоў», - заяўляюць хрысціянскія дэмакраты. Пад петыцыяй, якая патрабавала вызвалення ксяндза Лазара, паставілі подпісы больш за 5 тысяч грамадзян, сцвярджаюць у БХД.

Сястра арыштаванага святара Яніна Лембовіч кажа, што родным не дазваляюць спатканняў з Уладзіславам Лазарам. «Прынялі тры перадачы, а лістоў няма. Мы пішам, ён не адказвае», - ўздыхае жанчына.

Паводле абвінавачвання ў замаху на ўсталяванне супрацоўніцтва з разведвальнымі органамі замежнай краіны цяпер у Беларусі адбывае паўтарагадовы тэрмін зняволення 23- гадовы Андрэй Гайдукоў, былы слесар завода «Нафтан».

У дапамозе незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы замежнымі грамадзянамі абвінавачваўся студэнт Антон Сурапін, які першым апублікаваў у інтэрнэце фота плюшавых мішак, што былі скінутыя над Беларуссю пілотамі шведскага лёгкаматорнага самалёта.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках