3 траўня 2024, Пятніца, 5:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Балгарыя закрывае справу аб забойстве дысідэнта Маркава

4
Балгарыя закрывае справу аб забойстве дысідэнта Маркава

Следчыя органы Балгарыі закрываюць справу аб забойстве ў Лондане вядомага балгарскага дысідэнта Георгія Маркава.

Пра гэта паведамляе пракуратура Сафіі, перадае BBC, чыім супрацоўнікам ён з'яўляўся.

Пастанова аб спыненні расследавання сумна вядомага забойства перыяду халоднай вайны была прынятая на наступны дзень пасля заканчэння тэрміну даўнасці па справе - праз 35 гадоў і 1 дзень пасля смерці Георгія Маркава.

Прэс -сакратар балгарскай пракуратуры сказала, што для працягу расследавання «падазраваны ў здзяйсненні злачынства павінен быць арыштаваны, супраць яго вылучана абвінавачванне, ці павінен быць абвешчаны ў вышук», каб пераадолець тэрмін даўнасці.

«На дадзены момант мы не ўстанавілі злачынцу, і ні адно з названых дзеянняў не праводзілася», - дадала яна.

Георгій Маркаў быў праціўнікам камуністычнага ўрада Балгарыі і працаваў на Сусветнай службе BBC. Ён быў забіты ў верасні 1978 парасонам, у наканечніку якога быў яд рыцын.

Забойца не быў знойдзены, аднак у ажыццяўленні гэтай акцыі абвінавачваюць балгарскія спецслужбы і савецкі КДБ.

Падчас расследавання следчыя Скотланд- Ярда папрасілі ўлады Балгарыі дазволіць ім доступ да архіўных матэрыялаў, а таксама даць магчымасць дапытаць блізу 40 сведак, у тым ліку былых афіцэраў балгарскіх спецслужбаў.

Балгарская газета Dnevnik мяркуе, што дэталі справы Маркава могуць дапамагчы ў расследаванні забойства Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе.

11 верасня 1978 года Георгій Маркаў стаяў на аўтобусным прыпынку непадалёк ад офіса Сусветнай службы BBC у Буш- хаўс. Раптам ён адчуў укол у нагу і ўбачыў чалавека з парасонам у руках.

У Маркава павысілася тэмпература, і праз тры дні ён памёр. Эксперты з брытанскага цэнтра бактэрыялагічнай вайны ўстанавілі, што прычынай смерці быў яд рыцын.

Да гэтага на жыццё Георгія Маркава, пісьменніка і драматурга, які крытыкаваў камуністычны рэжым у Балгарыі, былі здзейсненыя два няўдалыя замахі.

У чэрвені 1992 года былога начальніка балгарскай разведкі Уладзіміра Тодарава пасадзілі ў турму на 16 месяцаў за тое, што ён знішчыў 10 тамоў архіўнай справы на Маркава. Былы намеснік міністра ўнутраных спраў Стаян Савоў, які таксама меў дачыненне да знішчэння гэтых матэрыялаў, пакончыў з сабой.

Супрацоўнік балгарскіх спецслужбаў Васіл Коцаў, якога падазравалі ў тым, што ён кіраваў аперацыяй па ліквідацыі Георгія Маркава, загінуў у аўтакатастрофе пры загадкавых абставінах.

Фота: AFP

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках