13 лiстапада 2024, Серада, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Квадратны метр жылля ў Менску будзе каштаваць $2000

110
Квадратны метр жылля ў Менску будзе каштаваць $2000

Найбуйнейшыя забудоўшчыкі сталіцы прагназуюць далейшы рост коштаў на жыллё.

У прыватнасці пра гэта ў інтэрв'ю onliner.by заявіў старшыня назіральнага савета ААТ «10 упраўленне начальніка работ» («10 УНР») Васіль Усцінчык. Размова ішла таксама пра праблему ўшчыльнення Менска і будаўніцтва арэнднага і камерцыйнага жылля. Прыводзім адказы спецыяліста на найбольш цікавыя пытанні.

- Што ў бліжэйшыя гады будзеце будаваць у Менску. Ці ёсць новыя праекты?

- Да 2011 года 50% жылля мы будавалі для льготнікаў. Затым крызіс, указ №13 - аб'ём будаўнічых работ у «10 УНР» упаў у два разы. Мы пайшлі на будаўніцтва іншых аб'ектаў у якасці генпадрадчыкаў: гандлёвы цэнтр на Ложынскай, гасцініцы на вуліцы Кастрычніцкай і на Нямізе. Што датычыцца жылля, то цяпер будуем энергаэфектыўныя дамы на вуліцы Рафіева і ў Каменнай Горцы. Апошні, дарэчы, праектаваўся для шматдзетных сем'яў, на кватэры разлічвалі сілавікі. Аднак дом не трапіў у зацверджаны Мінбудархітэктуры пералік праектаў, пад якія выдзяляюцца льготныя крэдыты. Цяпер абтэлефаноўваем людзей - калі хтосьці гатовы будавацца без прыцягнення льготных крэдытаў - працуем далей праз жыллёвыя аблігацыі. Калі не - кватэра паступае ў свабодны продаж.

- «10 УНР» планаваў будаваць жылы комплекс у раёне перасячэння праспекта Дзяржынскага і вуліцы Гурскага, каля станцыі метро «Міхалова». Праект буксуе некалькі гадоў. У чым прычына?

- Адна з праблем - перанос існуючых камунікацый. Па пляцоўцы праходзяць 30 высакавольтных кабеляў, плюс газаправод высокага ціску і кабель на 110 тысяч вольт. Ускрываем сеткі па схеме ў адным месцы, а патрэбны кабель - на 8 метраў у баку... Ідуць судовыя цяжбы па зносе з адсяленцамі. Не вырашанае пытанне і з вышынёй будынкаў. Зараз там можна будаваць не вышэй 15 паверхаў, а мы хочам 18. Але пасля чэмпіянату свету па хакеі абяцаюць зачыніць аэрапорт Менск-1 і тады абмежаванне здымуць. Думаю, у наступным годзе гэтая будоўля пачнецца. Там будзе тры «слупка» і трохпад'езны лінейны дом.

- А 25-павярховы дом у былым Вайсковым гарадку? Узімку 2012 года пад яго абгарадзілі пляцоўку, але мясцовыя жыхары выступілі супраць ушчыльнення, і вам прыйшлося адступіць.

- Будоўля гэтага дома не адмененая, а толькі прыпыненая. Прычынай канфлікту паслужыў недахоп дзіцячых садкоў у раёне, але дзіцячы садок ужо ўзводзяць праз дарогу. Аднаўленне нашай будоўлі - справа недалёкай будучыні.

Заяўкі на іншыя пляцоўкі мы падавалі, але горад нам адмаўляў. Якія перспектывы па Менску? Па тых праектах, што маем, будзем загружаныя яшчэ гады два. А далей, калі сітуацыя не зменіцца, прыйдзецца закрываць аб'ёмы за кошт Расеі.

- Архітэктары кажуць, што свабодных участкаў для новага жылля ў Менску ўжо не засталося. Займацца зносам цяжка, ворныя землі недатыкальныя. Ці не будзем мы назіраць праз пару гадоў масавы сыход забудоўшчыкаў у Расею?

- Зараз тры арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускую асацыяцыю забудоўшчыкаў, ужо прадстаўленыя ў Расеі. Гэта «Гроднажылбуд», «Менскпрамбуд» і «10 УНР». Не будзем забываць і пра МАПІД і яго «Малінаўку» ў Калузе. Вядома, у Менску застаецца 2,5 млн квадратных метраў «незавяршонкі», але і яна з часам сыдзе, сыдуць даўгабуды. І ў 2015-2016 гадах, калі ў горадабудаўнічай палітыцы нічога не зменіцца, мы і іншыя забудоўшчыкі ўбачым пустэчу. Не выключаю, што хтосьці пацягнецца ў Расею, хтосьці зоймецца іншым бізнесам.

- А што, на вашу думку, трэба змяніць, каб гэтага не адбылося?

- Асабіста мне перспектыўнай бачыцца ідэя будаўніцтва таўнхаўсаў у прыгарадзе Менска. Усё ж такі наш беларускі менталітэт патрабуе лужок, клумбы, хоць бы 1,5-2 соткі зямлі. Чаму раней гарады будаваліся кампактна? Была праблема з транспартам. Сёння 2 машыны ў сям'і - ужо норма, і людзі могуць, не адчуваючы праблем, жыць у 5-10 кіламетрах ад горада.

- Кажуць, без ушчыльнення забудовы Менску не абысціся. Падзяляеце гэты пункт гледжання?

- Там, дзе дазваляюць нарматывы, будаваць трэба. Я не разумею пратэстоўцаў: тэрыторыя ім не належыць, а яны ўздымаюць бунт. Калі б гэта была іх зямля, за якую яны плацяць грошы, - справа іншая, але калі ёсць праект, які прайшоў экспертызу, калі выкананыя ўсе нормы (а нашы нормы нашмат больш жорсткія, чым у Японіі або ЗША), то што яшчэ можна абмяркоўваць? Законнасць будаўніцтва? Яна правяраецца кантралюючымі органамі на стадыі дзяржэкспертызы, а не жыхарамі.

Але ўшчыльняць трэба разумна, не ствараючы нязручнасці суседзям. Будуеш новы дом - забяспеч кожную кватэру машына-месцам, як мы гэта зрабілі на вуліцы Ложынскай.

- Год таму віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Калінін прапанаваў не будаваць у Менску камерцыйнае жыллё - толькі арэнднае і па дзяржзамове.

- Я ўдзельнічаў у перадачы на БТ, і вядучы задаў пытанне: ці будуць камерцыйныя забудоўшчыкі будаваць арэнднае жыллё? А да гэтага ў студыі дзяліліся вопытам калегі з Германіі. Я тады спытаў у іх: пад які адсотак можаце ўзяць крэдыт на арэндны дом? 2-3% быў адказ. Мы не супраць будаваць, але дайце крэдыт хоць бы пад 7% у беларускіх рублях, і тады нават зможам канкураваць з дзяржаўнымі забудоўшчыкамі па коштах. Пры іншых умовах задума проста не мае сэнсу.

- Горад-спадарожнік Смалявічы пакуль таксама не прыцягвае камерцыйных забудоўшчыкаў?

- Там будзе высокі сабекошт будаўніцтва з улікам выдаткаў на інжынерную інфраструктуру. Сеткі, дарогі - у рэчаіснасці ўсё гэта вешаюць на камерцыйных забудоўшчыкаў, хоць усе магістральныя сеткі павінны будавацца за кошт бюджэту... Ды і ці захочуць менчукі туды пераязджаць? Сумнеўна. «Спадарожнік» павінен пачынацца з працоўных месцаў, а не з квадратных метраў жылля.

- І эксперты, і пачаткоўцы на форуме сёння паўтараюць у адзін голас: кошты на жыллё ў Менску будуць расці. Ваш прагноз: ці абновіць сталіца максімум, дасягнуты ў 2007 годзе, калі квадратны метр узяў псіхалагічную адзнаку ў 2000 даляраў?

- Я б хацеў нагадаць словы Мікалая Ладуцькі, які вясной мінулага года заявіў: адэкватны кошт метра для Менска - 2000 даляраў. Гэта былі словы, пацверджаныя разлікамі. Буду казаць за першасны рынак. Свабодных участкаў ужо няма, якую пляцоўку ні вазьмі - абцяжаранні па зносе, перасяленню, пераносу сетак. Ужо сёння выдаткі на інфраструктуру дадаюць да кошту квадратнага метра 500-700 даляраў. Калі метр ў Менску будзе каштаваць у сярэднім 2000 даляраў? Сказаць цяжка, але ўсё да гэтага ідзе. Ва ўсякім выпадку, чакаць зніжэння кошту жылля ў Менску цяпер няма падстаў.

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках