24 лiстапада 2024, Нядзеля, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка гатовы прадаць Баўмгертнера

228
Лукашэнка гатовы прадаць Баўмгертнера

Дыктатар назваў кіраўніцтва «Уралкалію» жулікамі, а саму кампанію - банкрутам.

Беларускі кіраўнік лічыць магчымай экстрадыцыю Уладзіслава Баўмгертнера, «калі ў РФ разбяруцца з ім па законе».

«Калі расейскія следчыя будуць зацікаўленыя ў экстрадыцыі расейскага грамадзяніна, які намі быў затрыманы, то я тут не бачу асаблівых перашкод. Мы за яго абсалютна не трымаемся», - заявіў Лукашэнка ў чацвер на нарадзе па бягучых эканамічных і знешнепалітычных пытаннях, піша «Інтэрфакс».

На нараду да Лукашэнкі таксама запрошаны намеснік Генеральнага пракурора РФ Аляксандр Звягінцаў.

«Калі сапраўды па законе разбяруцца, а там шкода каласальная, і яна бачная няўзброеным вокам, то калі раптам спатрэбіцца, мы не павінны перашкаджаць і гэтаму», - адзначыў Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў: «Не павінен нейкі жулік станавіцца перашкодай у адносінах дзвюх дзяржаў. Занадта шмат гонару для любога».

Кіраўнік заявіў, што «трэба зрабіць усё, каб разам з расейцамі мы даследавалі гэты канфлікт і што за ім стаіць». «А за ім стаіць вельмі вялікая шматмільярдная сума грошай, страчаная Беларуссю і Расеяй, і стаяць пэўныя высокапастаўленыя жулікі ў Расейскай Федэрацыі», - сказаў дыктатар. Ён таксама дадаў, што «калі ўзнікнуць гэтыя жулікі ў Беларусі, і расейцы папросяць іх адвезці ў Расею, то мы не будзем трымацца за грамадзян Беларусі і неадкладна іх перададзім». «Галоўнае - ісціна. Вінаваты - адказвай», - падкрэсліў Лукашэнка.

Дыктатар заявіў, што «з усім гэтым павінны разбірацца кантралёры і следчыя». «Рэальныя канцы ўсёй гэтай цёмнай гісторыі можна знайсці ў Расеі», - адзначыў Лукашэнка. У сувязі з гэтым ён даручыў перадаць усе неабходныя матэрыялы, якія павінны стаць асновай для правядзення аўдыту, у тым ліку, Падліковай палатай Расеі. Акрамя таго, нагадаў ён, генеральная пракуратура РФ таксама звярнулася да беларускіх калегаў за адпаведнай інфармацыяй. Ён даручыў генеральнаму пракурору Беларусі перадаць гэтыя матэрыялы. «Мы ні ў якім разе нічога не павінны хаваць», - заявіў Лукашэнка.

Тым больш, па яго словах, ужо відаць: «Расеі нанесеная значна большая шкода, чым Беларусі». «А шкода, нанесеная Беларусі, павінна быць пакрытая цалкам. Усё, што скрадзена ў нас, павінна быць вернута. Да капейкі», - заявіў кіраўнік Беларусі.

Перад сустрэчай з Пуціным

Калійны скандал не павінен адбіцца не толькі на ўзаемаадносінах Беларусі і Расеі, але і на адносінах прэзідэнтаў дзвюх краін, лічыць Лукашэнка.

«Калійны скандал не павінен стаць каменем перапоны не толькі паміж дзяржавамі, але і паміж прэзідэнтамі. Вы ведаеце, як не проста аднаўляліся гэтыя адносіны, і мы не можам, каб яны зноў былі сапсаваныя», - заявіў дыктатар.

Лукашэнка падкрэсліў, што «тыя, хто разлічваў, што калійныя праблемы падарвуць адносіны дзвюх дзяржаў, жорстка пралічыліся». «Мы зыходзілі і зыходзім з таго, што ніякім жулікам і прайдзісветам не ўдасца ўбіць клін паміж двума прэзідэнтамі і народамі», - заявіў ён.

«Кажуць: што тут Лукашэнка хацеў прадэманстраваць?! Лукашэнка прадэманстраваў адно: што выціраць ногі аб нас нікому не дазволена», - удакладніў дыктатар. «Мы - суверэнная і незалежная дзяржава, мы ніколі не ствараем праблем нашым суседзям, перш за ўсё, расейцам. Але мы не дазволім нейкім асобным жулікам з Захаду ці з Усходу выціраць аб нас ногі», - заявіў ён.

«Уралкалій» - банкрут...

Лукашэнка заявіў, што ААТ «Уралкалій» з'яўляецца банкрутам, і даручыў адпаведным органам праінфармаваць пра гэта лонданскую і маскоўскую біржы, на якіх каціруюцца акцыі расейскай кампаніі.

«Ёсць інфармацыя пра тое, што ў іх у мінусе $12 млрд, а ў плюсе ўсяго два. Калі гэта так, то атрымліваецца, што і інфармацыя, якую яны па ўсім свеце распаўсюджвалі, ліпавая. «Уралкалій» - публічная кампанія, якая каціруецца на лонданскай і маскоўскай біржах. А распаўсюджванне ліпавай справаздачнасці і інфармацыі - гэта ўжо міжнароднае махлярства» - заявіў кіраўнік.

«Я даручыў адпаведным органам звязацца з лонданскай і маскоўскімі біржамі, дзе адбываюцца гэтыя каціроўкі, каб папярэдзіць іх пра тое, што адбываецца на самой справе, каб мы потым не апынуліся крайнімі», - сказаў Лукашэнка.

«Будуць яны правяраць ці не будуць - гэта іх справа. Але мне здаецца, што лонданская біржа, атрымаўшы падобную інфармацыю, ахне наогул», - сказаў Лукашэнка.

«Я звярнуў увагу вашу на лонданскую біржу, бо яны не толькі запатрабуюць ад іх справаздачы, але і правераць, што адбываецца на прадпрыемстве. А прадпрыемства - банкрут, і хай хтосьці абвергне маё сённяшняе выказванне», - адзначыў дыктатар.

Лукашэнка задаўся пытаннем: «Навошта было быццам бы паспяховае прадпрыемства ўкідаць ў стан крызісу? Бо і ў іх жа саміх усё абвалілася - і каціроўкі акцый, і прыбытак. У чым жа тут была справа?».

Паводле яго слоў, «напрошваецца выснова, што за знешняй паспяховасцю гаспадароў «Уралкалію» хаваліся вельмі сур'ёзныя праблемы». «Мяркуючы па ўсім, да пэўнай пары іх атрымоўвалася хаваць за кошт падтасоўкі фінансавай справаздачнасці. А на самой справе яны ўсё больш залазілі ў пазыкі, бралі крэдыты. Ды і на вытворчасці на «Уралкаліі» адны праблемы: затопленыя руднікі, горад асядае, даводзіцца перасяляць людзей», - заявіў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, «гаспадарам «Уралкалію» хаваць свае праблемы станавілася ўсё цяжэй». «І, падобна, гэтыя біржавыя махінатары хацелі вырашыць іх за кошт Беларуськалію, прыхапіць беларускае прадпрыемства, павысіць капіталізацыю сваіх актываў і разам вырашыць усе праблемы», - сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён нагадаў, што, «калі нам прапаноўвалі прадаць Беларуськалій за паўкошту, хабары прапаноўвалі прыстойныя». «Мы вельмі жорстка паступілі ў гэтай сітуацыі і адмовіліся», - сказаў кіраўнік.

Тады, паводле яго слоў, «яны ўзялі і абвалілі рынак». «Мэта ўсё тая ж: паставіць Беларуськалій на калені і набыць танна акцыі «Уралкалію», павялічыўшы свой пакет. Я кажу пра галоўнага гаспадара Уралкалію», - заявіў дыктатар.

Лукашэнка адзначыў, што «наогул для іх скандал быў як дымавая заслона». «А на фоне абвалу рынку лёгка было схаваць свае праблемы, якія на самой справе паўсталі задоўга да таго. Можа, у гэтым і была галоўная задума ўсёй афёры. У тым, што гэта афёра, я не сумняюся», - заявіў ён.

Лукашэнка нагадаў, што ў 2005 годзе Беларусь пайшла насустрач расейскаму боку, стварыўшы сумесную з «Уралкаліем» збытавую кампанію. «Там тады быў іншы ўладальнік, і мы разам дамагліся велізарных, прарыўных вынікаў», - сказаў ён. У прыватнасці, нагадаў ён, у лепшыя гады Беларуськалій даваў амаль 3,5 млрд даляраў валютнай выручкі ў год. «Аналагічна «Уралкалію», нават больш, паколькі ў іх аб'ём продажаў праз сумесную кампанію (БКК - ІФ), і другі канал («Уралкалій-Трэйдынг»- ІФ) быў яшчэ больш. Калі мы прадавалі ў апошні час 45-47%, то з 100% асноўную долю «Уралкалій» і «Уралкалій-Трэйдынг» прадавалі недзе 53-55%. Значыць, даходнасць «Уралкалію» была яшчэ вышэй», - адзначыў беларускі дыктатар.

Лукашэнка таксама вярнуўся да гісторыі, звязанай з продажам «Уралкалію» былым яго ўласнікам Дзмітрыем Рыбалоўлевым, «у якога проста адабралі гэты актыў, і ён быў прададзены па патрабаванні пэўных людзей. Няхай Расейская Федэрацыя высвятляе, як гэта было, калі ў іх ёсць да гэтага інтарэс».

Лукашэнка падкрэсліў, што «новыя ўладальнікі «Уралкалію» не збіраліся займацца вытворчасцю і рэалізацыяй калійных угнаенняў». «Трэба было неяк паіграць на рынку і атрымаць лішні мільярд у кішэню», - заявіў дыктатар.

...Але супрацоўнічаць гатовыя пры сыходзе Керымава

Лукашэнка заявіў, што беларускі бок не выключае магчымасці аднаўлення супрацоўніцтва з «Уралкаліем» у выпадку змены ўласніка гэтай расейскай кампаніі.

«Сёння магчымыя два варыянты. Першы - цывілізаваны развод. Мы да гэтага гатовыя, сабраліся сыходзіць - ідзіце, але не перашкаджайце працаваць тут. Мы гатовыя працаваць самі па сабе. Другі варыянт - працяг сумеснай працы. Зменяцца гаспадары, прыйдуць людзі, якія зацікаўленыя ў вытворчасці калійных угнаенняў на прадпрыемстве «Уралкалій», мы гатовыя з імі працаваць», - заявіў ён.

Пры гэтым кіраўнік адзначыў, што «адно толькі аднаўленне нашых партнёрскіх сувязяў абавязкова ўздыме кошты на гэты тавар у паўтара-два разы на працягу гэтага - пачатку наступнага года». «Таму я не выключаю сумеснай працы з людзьмі, якія будуць зацікаўленыя ў эфектыўнай рабоце расейскага прадпрыемства», - заявіў дыктатар.

Нагадаем, кіраўнік «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Менскім аэрапорце 26 жніўня пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанне па частцы 3 артыкула 424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Пасля абрання меры стрымання ён змешчаны ў следчы ізалятар КДБ Беларусі.

Нагадаем, што ў Крамлі разлічваюць, што на палях саміту АДКБ, які пройдзе ў Сочы 23 верасня, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў журналістам прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў.

Напісаць каментар 228

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках