14 лiстапада 2024, Чацвер, 14:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінэканомікі настойвае на дэвальвацыі

118
Мінэканомікі настойвае на дэвальвацыі

Афіцыйныя эканамісты заяўляюць пра неабходнасць дэвальвацыі беларускага рубля.

З мэтай ліквідацыі наяўных дысбалансаў у эканоміцы неабходна ў кароткатэрміновым перыядзе правесці плыўную дэвальвацыю нацыянальнай валюты, лічаць спецыялісты Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі, піша БелаПАН.

Эксперты канстатуюць, што эканамічны рост у краіне забяспечваецца за кошт унутранага попыту.

«Ва ўмовах пашырэння ўнутранага попыту пры сціску знешняга і запаволення дынамікі ў асноўных галінах рэальнага сектара ў эканоміцы Беларусі ў цяперашні час фармуецца шэраг тэндэнцый, якія парушаюць макраэканамічную збалансаванасць», - мяркуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі, пазіцыя якіх адлюстраваная ў жнівеньскім нумары «Экономического бюллетеня», які выдаецца інстытутам.

Афіцыйныя эканамісты адзначаюць, што «дэфіцыт знешняга гандлю таварамі, які расце ад месяца да месяца» пагаршае сітуацыю ў плацежным балансе.

«Адставанне тэмпаў дэвальвацыі нацыянальнай валюты ад тэмпаў інфляцыі і ўмацаванне беларускага рубля адмоўна адбіваецца на коштавай канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі», - канстатуюць яны.

Акрамя таго, лічаць у НДЭІ, павялічваецца адставанне тэмпаў росту вытворчасці ад дынамікі спажывання, што вядзе да павелічэння продажаў імпартных тавараў.

У якасці яшчэ адной негатыўнай тэндэнцыі эксперты называюць рост заработнай платы, якая «істотна апярэджвае дынаміку прадукцыйнасці працы». Па іх ацэнках, апераджальны рост заработнай платы забяспечваецца за кошт зніжэння прыбытковасці айчынных прадпрыемстваў.

«Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на рынку арганізацыі вымушаныя змяншаць сваю рэнтабельнасць, каб кампенсаваць рост выдаткаў на зарплату і застацца канкурэнтаздольнымі па кошце», - мяркуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.

Эксперты лічаць , што зніжэнне рэнтабельнасці суправаджаецца нарошчваннем аб'ёмаў складскіх запасаў гатовай прадукцыі з прычыны падзення аб'ёмаў рэалізацыі на экспарт. Усё гэта прыводзіць да вымывання абаротных сродкаў прадпрыемстваў, канстатуюць спецыялісты.

«З мэтай ліквідацыі наяўных дысбалансаў» у эканоміцы, працягваюць яны, «патрабуецца рэалізацыя шэрагу мер па паляпшэнню сітуацыі».

У прыватнасці, спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі лічаць неабходным «правядзенне ў кароткатэрміновым перыядзе плыўнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты на велічыню дэвальвацыі курсу расейскага рубля да даляра ЗША з пачатку года для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на знешніх рынках і абароны ўнутранага рынку».

Да ліку мер, якія неабходныя, эксперты таксама адносяць «стымуляванне прытоку прамых замежных інвестыцый, у тым ліку шляхам прыватызацыі», абмежаванне росту заробкаў, правядзенне мерапрыемстваў «па звязванні даходаў насельніцтва».

Нагадаем, за апошні час прадстаўнікі Мінэканомікі неаднаразова выказваліся за правядзенне плыўнай дэвальвацыі рубля.

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках