Даля Грыбаўскайтэ: Да вызвалення Цімашэнка дамовы ЕЗ з Кіевам не будзе
33- 20.09.2013, 16:18
- 19,106
Еўрапейскі Звяз не падпіша пагадненне аб супрацоўніцтве з Януковічам, пакуль з турмы не вызваляць экс-прэм'ера Украіны.
Пра гэта заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ сёння ў Ялце, піша партал ru.DELFI.lt. Віктар Януковіч пакуль адмовіўся браць на сябе такія абавязацельствы.
Прэзідэнт Літвы сказала, што Украіна павінна праводзіць некаторыя важныя рэформы, каб у лістападзе можна было падпісаць Асацыятыўнае пагадненне з Еўразвязам. У ліку умоў згадваецца і патрабаванне вырашыць пытанне Цімашэнка, заключэнне якой у турму заходнія краіны лічаць палітычным.
«Калі гэта не будзе зроблена, подпісу (на асацыятыўным пагадненні) не будзе, і хачу ясна сказаць - не павінна быць ілюзій, што дастаткова толькі трохі зрабіць», - сказала Даля Грыбаўскайтэ на міжнароднай прэс-канферэнцыі, прысвечанай намаганням Украіны ў справе інтэграцыі з краінамі Захаду.
Расея пярэчыць падпісанню гэтага пагаднення і хоча перавабіць Кіеў у Мытны саюз, якім кіруе Масква.
У апошні час Расея ўзмацняла ціск на Кіеў, каб прымусіць яго адмовіцца ад пагаднення з ЕЗ, перашкаджала ўвозу тавараў ва Украіну, панеслі страты ўкраінскія кампаніі.
Аднак чыноўнікі ЕЗ 20 верасня заявілі, што салідарнасць ЕЗ з Украінай перад тварам ціску з боку Расеі не вызваляе Кіеў ад абавязацельства вызвалення Цімашэнка.
«Няма ніякай прычыны для таго, каб мяняць пазіцыю - нават толькі з-за ціску трэціх краін», - адзначыла Даля Грыбаўскайтэ.
Прэзідэнт Літвы таксама заявіла пра тое, што на краіны «Усходняга партнёрства» аказваецца ціск з боку Расеі, піша «Інтэрфакс».
«Вядома, Літва заўсёды хацела перамоваў з Расеяй і «Газпрамам»... мы заўсёды атрымлівалі досыць дзіўныя адказы», - адзначыла Даля Грыбаўскайтэ. У той жа час, яна падкрэсліла, што падтрымлівае намеры Літвы па-новаму дамовіцца з расейскім бокам. «Усе мы, вядома, спадзяемся», - адзначыла яна.
Даля Грыбаўскайтэ таксама адзначыла, што кошт на расейскі газ для Літвы з'яўляецца не эканамічным, а палітычным.
«Гэта на самой справе не эканамічны кошт, там няма эканамічнай логікі. Гэта проста палітычны кошт. Мы лічым, што кошты на газ для Літвы выкарыстоўваюцца як геапалітычны інструмент з боку Расеі», - сказала яна.
Нагадаем, 18 верасня ўрад Украіны адобрыў праект пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім звязам. Яго падпісанне запланаванае на лістапад 2013 года.