Адвакаты Баўмгертнера падалі скаргу ў Генпракуратуру
34- 21.09.2013, 11:42
- 30,126
Адвакаты гендырэктара «Уралкалія» абскардзілі яго затрыманне.
Пра гэта паведаміў РІА «Навіны» адзін з абаронцаў расейскага бізнэсмэна Дзмітрый Гарачка.
«Скаргі пададзеныя і ў Генпракуратуру, і ў гарадскі суд», - паведаміў адвакат.
Абароне Уладзіслава Баўмгертнера пакуль невядома, калі яны будуць разгледжаныя.
Адвакат не ўдакладніў, як яго кліент адрэагаваў на нядаўнюю заяву Лукашэнкі аб тым, што той можа быць перададзены ў Расею. Гарачка растлумачыў, што яго «прасілі гэта не каментаваць».
Нагадаем, кіраўнік «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Менскім аэрапорце 26 жніўня пасля сустрэчы з прэм'ер -міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанне па частцы 3 артыкула 424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Пасля абрання меры стрымання ён змешчаны ў следчы ізалятар КДБ Беларусі.