Станіслаў Шушкевіч: Меркель не зменіць свой прынцыповы падыход да Беларусі
7- 23.09.2013, 11:38
- 16,144
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі пракаментаваў вынікі выбараў у Бундэстаг.
Паводле папярэдніх афіцыйных вынікаў выбараў у Бундэстаг, якія прайшлі ў Германіі ў нядзелю, 22 верасня, больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў атрымаў блок Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) і Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС). За партыю канцлера Ангелы Меркель прагаласавалі 41,5 адсотка выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у выбарах. Гэта найлепшы вынік ХДС/ХСС за апошнія 20 гадоў. Гэта азначае, што краіну зноў узначаліць канцлер Ангела Меркель.
Чаго чакаць ад вынікаў гэтых выбараў Беларусі?
Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання заявіў «Радыё Свабода», што «Германія і цяпер займае нядрэнную пазіцыю адносна сітуацыі ў Беларусі. І яна ад яе не адыходзіць. У адрозненне ад розных еўрапейскіх чыноўнікаў, якія не заўсёды бываюць паслядоўнымі».
Ён са шкадаваннем адзначыў, што не змог быць у Варшаве, калі Меркель сустракалася з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасці. «Але мне потым падрабязна распавялі аб гэтай сустрэчы. І таму мне ясна - спадарыня канцлер добра разумее тое, што адбываецца ў Беларусі», - адзначыў экс-спікер.
Цяпер, калі яна зноў перамагла, кажа Шушкевіч, Меркель не будзе адыходзіць ад сваёй папярэдняй пазіцыі. А яе пазіцыя вельмі прынцыповая: «Галоўнае, што яна цвяроза ацэньвае ўсё, што тут адбываецца. Яна не зменіць свой падыход. І мне здаецца, што для Беларусі гэта вельмі важна».