Расейская амбасада патрабуе сустрэчы з Баўмгертнерам
17- 23.09.2013, 16:02
- 20,327
Амбасада Расеі накіравала ў МЗС Беларусі запыт на сустрэчу з Уладзіславам Баумгертнерам.
Пра гэта паведаміў БелаПАН расейскі консул Ігар Карагін.
Інфармацыі пра месцазнаходжанне арыштаванага гендырэктара «Уралкалію» па-ранейшаму няма.
Па словах консула, згодна з Венскай канвенцыяй беларускі бок павінен даць адказ на працягу трох сутак.
Карагін адзначыў, што да цяперашняга моманту ў амбасады няма інфармацыі пра тое, дзе знаходзіцца Баўмгертнер. «Адвакаты маўчаць, з імі пакуль сувязі няма», - сказаў дыпламат.
Месцазнаходжанне свайго падабароннага Баўмгертнера адвакат Дзмітрый Гарачка спрабаваў даведацца з раніцы 23 верасня. Прыкладна ў 12.30 адвакат параіў патэлефанаваць яму праз тры гадзіны, адмовіўшыся ад якіх-небудзь каментароў, але цяпер тэлефон Гарачкі адключаны.
На пытанне пра месцазнаходжанне Баўмгертнера не могуць адказаць ні ў КДБ, ні ў Следчым камітэце Беларусі.
Грамадзянін Расеі, гендырэктар «Уралкалію», кіраўнік назіральнага савета беларуска-расейскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ па абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.
16 верасня намеснік генпракурора Расеі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што Беларусь прыняла рашэнне вылучыць матэрыялы ў дачыненні да расейскіх грамадзян, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе, у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генпракуратуру РФ.
19 верасня на нарадзе па бягучых эканамічных і знешнепалітычных пытаннях Аляксандр Лукашэнка не выключыў магчымасці экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расею для правядзення следчых дзеянняў.
20 верасня памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы Баўмгертнера, аднак гэты працэс «трошкі зацягваецца». «Учорашнія словы прэзідэнта Беларусі дазваляюць спадзявацца, што гэтае пытанне будзе ў бліжэйшы час вырашана», - сказаў ён.
21 верасня расейскае выданне «Коммерсант» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што затрымка з выдачай Баўмгертнера звязаная з патрабаваннем Менска працягнуць яго крымінальны пераслед у Расеі.
Па неафіцыйнай інфармацыі, сітуацыя з крымінальным пераследам гендырэктара «Уралкалію» можа быць вынесеная на абмеркаванне кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў выпадку іх двухбаковай сустрэчы ў рамках сённяшняга саміта АДКБ у Сочы. На думку шэрагу аналітыкаў, сама магчымасць такой сустрэчы звязаная менавіта з выдачай Баўмгертнера расейскаму боку.