3 траўня 2024, Пятніца, 5:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Апошнi Золак»: музыкі супраць смяротнага пакарання

1
«Апошнi Золак»: музыкі супраць смяротнага пакарання

Прэм'ера сумеснага музычнага праекту «Апошні Золак» адбудзецца ў кастрычніку.

Яго ўдзельнікі выступаюць за спыненне практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі.

У рамках праекта вядомыя музыкі спяюць пра асноўныя спосабы смяротнага пакарання - адна цалкам новая і адна ўжо вядомая кампазіцыя ў новай аранжыроўцы ад кожнага з іх. Лявон Вольскі спяе пра распяцце, Аляксандр Памідораў - пра газавыя камеры, Аня Хітрык - пра гільяціну, Алесь Дзянісаў - пра расстрэл, Анастасія Шпакоўская - пра электрычнае крэсла, Віктар Рудэнка - пра атручэнне, а Зміцер Вайцюшкевіч - пра шыбеніцу.

Варта адзначыць, што праект добраахвотны і далёкі ад прынцыпаў агітбрыгады. У кожнага з музыкаў свае аргументы супраць сучаснай практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі і свой індывідуальны падыход да тэмы. Але ўсё згодныя, што цяперашняя сітуацыя недапушчальная.

Хітрык і Шпакоўская лічаць, што пытанні нараджэння і смерці не могуць быць у кампетэнцыі людзей. Вольскі ўпэўнены, што нават самы злосны злачынец павінен мець права ўсвядоміць цяжар зробленага і пакаяцца. «У гэтым сэнсе пажыццёвае зняволенне ў выпадку асабліва цяжкага злачынства будзе больш правільным пакараннем», - адзначае ён.

Віктар Рудэнка салідарны з імі, але дадае іншы акцэнт: «Калі мы спрабуем прапагандаваць грамадства без гвалту і забойстваў, то мы павінны на ўсіх узроўнях адмовіцца ад іх. Нават законнае смяротнае пакаранне - гэта забойства, якое стварае негатыўны прыклад для грамадства».

Для Памідорава, Вайцюшкевіча і Дзянісава справа перш за ўсё ў тым, што могуць быць памылковыя прысуды, як гэта здаралася па справах Міхасевіча, Чыкацілы і не толькі. «Факт у тым, што з-за аднаго дрэннага чалавека можа загінуць хтосьці абсалютна невінаваты. Любы з нас. Для мяне гэта галоўнае», - кажа Аляксандр Памідораў.

Праект «Апошні Золак» прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. З 1997 Еўропа дэ-факта з'яўляецца тэрыторыяй, свабоднай ад смяротнага пакарання. Адзінае выключэнне - Беларусь.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках