Валянціна Мацвіенка: Сітуацыя з Баўмгертнерам хутка вырашыцца
17- 27.09.2013, 10:03
- 24,838
Спікер Савета Федэрацыі Расеі заявіла, што да саўладальніка «Уралкалію» Сулеймана Керымава прэтэнзій няма.
На думку спікера Валянціны Мацвіенка, канфлікт расейскай кампаніі і Менска - гэта спрэчка буйных гаспадарчых суб'ектаў, і такія спрэчкі павінны вырашацца ў судзе або за сталом перамоваў, паведамляе РІА «Новости».
«Я ўпэўненая, што сітуацыя з арыштам Баўмгертнера будзе ў бліжэйшым часе вырашаная і ўведзеная ў прававое поле. Што тычыцца сенатара Сулеймана Керымава, то, па прадстаўленых дадзеных, ён выканаў усе вызначаныя законам працэдуры да 19 жніўня і прэтэнзій да яго ў гэтай частцы няма», - сказала Мацвіенка.
На яе думку, гэта спрэчка буйных гаспадарчых суб'ектаў, і такія спрэчкі павінны вырашацца ў судзе або за сталом перамоваў.
«І нельга дапускаць нецывілізаваныя формы прыняцця рашэння, скажам, без суда і следства арыштоўваць людзей, але сёння ўжо ідзе актыўны дыялог следчых і іншых праваахоўных органаў. Вядома, Расея павінна абараняць сваіх грамадзян, калі яны на тэрыторыі іншай дзяржавы падвергліся незаконным дзеянням», - сказала Мацвіенка.
«Я б перасцерагла ўсіх ад эмоцый і крокаў, якія маглі б нанесці шкоду нашым адносінам з Беларуссю, а вырашаць усё гэта ў прававым полі», - склала яна.
Кіраўнік назіральнага савета беларуска-расейскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ па абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.
16 верасня намеснік генпракурора Расеі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што Беларусь прыняла рашэнне вылучыць матэрыялы ў дачыненні да расейскіх грамадзян, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе, у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генпракуратуру Расеі.
19 верасня на нарадзе па бягучых эканамічных і знешнепалітычных пытаннях Лукашэнка не выключыў магчымасці экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расею для правядзення следчых дзеянняў.
20 верасня памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы гендырэктара «Уралкалію», аднак гэты працэс «трошкі зацягваецца».
21 верасня расейскае выданне «Коммерсант» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што затрымка з выдачай Баўмгертнера звязаная з патрабаваннем Менска працягнуць яго крымінальны пераслед у Расеі.
Учора стала вядома, што гендырэктара «Уралкалію» перавялі пад «хатні арышт». Ён знаходзіцца ў адной з менскіх кватэр пад аховай чатырох аператыўнікаў КДБ.