Пацёмкінскія вёскі на «Дажынках»
38- 28.09.2013, 16:46
- 97,290
Жлобінскія ўлады прыдумалі нескладаны спосаб схаваць недабудаваныя будынкі ў горадзе.
Напрыклад, перад прыездам гасцей фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі», будынак аднаго з дзіцячых садкоў проста прыкрылі палотнамі з намаляванымі вокнамі і дзвярыма. Здалёк іх не адрозніць ад сапраўдных.
Фота «ноу-хау» жлобінскіх уладаў размясціў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» Валерый Бязарукаў.
Рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі-2013» пачаўся ўчора ў Жлобіне Гомельскай вобласці. На працягу двух дзён у горадзе беларускіх металургаў будзе праходзіць ўшанаванне лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу рэспублікі.
Падрыхтоўка да мерапрыемства выклікала незадаволенасць жыхароў горада. Яны пратэставалі супраць вырубкі дрэў і патрабаванняў уладаў праводзіць рамонт жылля за свой кошт. Некаторыя скардзіліся, што дзіцячыя калыскі не вытрымліваюць выпрабаванняў разбуранымі дарогамі.
Жлобінцы таксама кажуць, што на Беларускім металургічным заводзе амаль удвая скарацілі заробкі, а больш за тысячу работнікаў напісалі заявы аб звальненні.
Журналісты раней заўважылі ў розных канцах раённага цэнтра надпісы «Дажынкі» - не падстава для анархіі». Яны выказалі здагадку, што іх аўтарамі сталі незадаволеныя гараджане.