«Уралкалій» пагражае судом беларускім уладам
81- 3.09.2013, 16:22
- 72,526
Кампанія заявіла, што будзе адстойваць свае інтарэсы ў судовым парадку.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, распаўсюджаным прэс-службай «Уралкалію».
У ім адзначаецца, што кампанія ўжо звярнулася ў кампетэнтныя органы Расеі з просьбай аб садзейнічанні ў неадкладным спыненні «палітычна матываванага» пераследу сваіх супрацоўнікаў.
«Унутры і за межамі Рэспублікі Беларусь вядзецца масіраваная інфармацыйная кампанія, накіраваная на дыскрэдытацыю ААТ «Уралкалій» і яго прадстаўнікоў, робяцца спробы ўскладніць працу расейскай кампаніі і яе супрацоўнікаў на міжнародных рынках.
Дзеянні беларускага боку ўяўляюць сабой спробу выкарыстоўваць дзяржаўную палітыку і праваахоўную сістэму для нанясення ўрону ААТ «Уралкалій» як галоўнаму канкурэнту дзяржаўнай кампаніі «Беларуськалій», - гаворыцца ў паведамленні.
Расейская кампанія абяцае не дапусціць, каб «нядобрасумленныя заявы» беларускага боку дыскрэдытавалі ААТ «Уралкалій», зганьбілі дзелавую рэпутацыю кампаніі, гонар і годнасць яе кіраўніцтва, работнікаў і акцыянераў, увялі ў зман беларускую і міжнародную супольнасць і аказалі ціск на пакупнікоў на рынках.
Нагадаем, 26 жніўня беларускія праваахоўныя органы затрымалі генеральнага дырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера, які знаходзіўся ў Менску па запрашэнні прэм'ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча. Расейскаму алігарху прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 424 («Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі»).
Таксама ў міжнародны вышук абвешчаныя топ-мэнэджэры Беларускай калійнай кампаніі Алег Пятроў, Канстанцін Саладоўнікаў, Ігар Яўстратаў і Дзмітрый Самойлаў.
Беларускі бок абвінавачвае топ-мэнэджэраў БКК у тым, што яны, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы ў БКК і з'яўляючыся зацікаўленымі супрацоўнікамі «Уралкалію», употай ад беларускага боку падавалі незаконныя зніжкі на прадукцыю асобным пакупнікам, перанакіроўвалі зафрахтаваныя пад беларускі калій судны на загрузку прадукцыяй «Уралкалію», разрывалі выгадныя дзеючыя кантракты, абяцаючы партнёру заключыць іх з «Уралкаліем» па больш нізкіх коштах.
Беларусь ацэньвае ўрон, нанесены магчымымі супрацьпраўнымі дзеяннямі топ-мэнэджэраў «Уралкалію» «Беларуськалію» і БКК, у $100 млн.