29 снежня 2024, Нядзеля, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дажынкі-2013»: баль падчас чумы

68
«Дажынкі-2013»: баль падчас чумы

Настрой Лукашэнкі ў Жлобіне быў прыкметна сапсаваны.

Штогадовае свята ўраджаю «Дажынкі» адзначалася ў Беларусі ў мінулыя выходныя ўжо ў 17 раз з размахам нацыянальнай урачыстасці. Але афіцыйныя справаздачы аб 300 адрамантаваных да кірмашу ў Жлобіне аб'ектах і колькасці з'едзеных бульбяных дранікаў былі хутчэй балем ідэолагаў падчас чумы ў эканоміцы. Настрой Лукашэнкі, які па традыцыі ўшаноўваў пераможцаў спаборніцтва хлебаробаў, быў прыкметна сапсаваны. Аб'ём вытворчасці, экспарту і валютных паступленняў упаў, а новых крэдытораў у Менска так і не знайшлося, перадае Deutsche Welle.

Белстат падлічвае страты

Пакуль будучыя наведвальнікі «Дажынак», якія не цікавяцца палітыкай, яшчэ толькі планавалі ёсць шашлыкі і дзівавацца ўбранню фестывальных пляцовак з пудзіламі, якія сімвалізуюць прадуктовае багацце, Белстат апублікаваў дадзеныя вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за першае паўгоддзе 2013 года.

Аказалася, што прагнозныя заданні па росту ВУП не выконваюцца ва ўсіх шасці рэгіёнах краіны. Статыстыка адзначае падзенне на 40 адсоткаў продажаў, у асноўным у Расею, грузавых аўтамабіляў. На 24 адсотка менш было прададзена беларускіх трактароў, на 13 адсоткаў упаў попыт і на астатнюю сельгастэхніку.

Падаюць таксама і аб'ёмы прамысловай вытворчасці. І хоць сальда знешняга гандлю Беларусі застаецца станоўчым, у параўнанні з гэтым жа перыядам 2012 года, пасля перакрыцця «растваральнікавых» схем, яно зменшылася амаль у 10 разоў - да 370 мільёнаў даляраў.

Па выніках 6 месяцаў высветлілася, што і праекты мадэрнізацыі прадпрыемстваў, на якую так разлічвала беларускае кіраўніцтва, выцягваюць з бюджэту немалыя сродкі, але не прыносяць чаканай аддачы. Па звестках Дзяржкантролю, адно з прадпрыемстваў Белаграсэрвісу ўхітрылася закупіць такое абсталяванне, якое папросту не змясцілася ў цэхі. Пры гэтым частка з 2,5 трыльёнаў беларускіх рублёў, выдзеленых з бюджэту на фінансаванне інавацыйных праграм, выкарыстоўваецца неэфектыўна або не па прызначэнні.

Хто адкажа за галавацяпства?

Але на «Дажынках» пра гэтыя праблемы размова не ішла. Хутчэй наадварот, яны старанна маскіраваліся, інакш свята было б безнадзейна сапсаванае. Бо калі недабор паўтары мільёнаў тон запланаванага ў гэтым годзе ўраджаю збожжавых чыноўнікі змаглі растлумачыць непагаддзю, то зніжэнне на 20 адсоткаў аб'ёмаў экспарту амаль па ўсіх групах беларускіх тавараў і паслуг аднесці на рахунак дажджу або засухі ніяк не атрымаецца.

Сітуацыя ў эканоміцы цалкам залежыць ад беларускага ўраду і прэзідэнта, які асабіста раздае міністрам папулісцкія ўказанні аб росце, у тым ліку, і заробкаў, не клапоцячыся пра тое, наколькі гэтыя планы адпавядаюць рэальнаму становішчу спраў. Функцыянеры ж аддаюць перавагу падтакваць высокаму начальству і робяць выгляд, што не заўважаюць сапраўдных прычын эканамічнага спаду - адсутнасці структурных рэформаў, замежных інвестыцый і спецыялістаў-рыначнікаў у сваіх шэрагах.

Вынікам уладнага галавацяпства стала тое, што ВУП Беларусі за бягучыя 6 месяцаў вырас усяго толькі на 1,1 адсотка. І дасягнуць да канца года прагнозных 8,5 адсоткаў унутранага валавога прадукту, нават калі гэтага запатрабуе сам прэзідэнт, будзе практычна немагчыма.

Папулізм патрабуе грошай

На рэалізацыю планаў па мадэрнізацыі і выплату насельніцтву павышаных без росту прадукцыйнасці працы заробкаў Менску неадкладна патрэбныя грошы. Замест скарачэння выдаткаў на ўтрыманне дзяржапарату, толькі заробкі беларускіх чыноўнікаў падняліся на 20 адсоткаў.

Але 440 мільёнаў даляраў апошняга 6-га траншу са стабілізацыйнага фонду ЕўрАзЭС паступяць яшчэ не хутка і будуць накіраваныя на пагашэнне пазык. Нягледзячы на тое, што Крэмль не мае намеру на дзяржаўным узроўні сварыцца з Менскам з-за ўтрымання пад хатнім арыштам гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгернтнера, на новыя расейскія крэдыты разлічваць таксама пакуль нельга.

Да таго ж да канца года на 2,5 мільёна тон магчымае скарачэнне паставак расейскай нафты, што стане яшчэ адной падставай для змяншэння валютнай выручкі. Іншыя ж крыніцы знешняга фінансавання пакуль недаступныя з-за нежадання беларускіх уладаў займацца пераўтварэннямі ў эканоміцы.

Цень крызісу

Так што паўтарэнне крызісу 2011 года і абвал беларускага рубля можа стаць рэальнасцю. Гэта не адмаўляе і сам Лукашэнка. Нездарма ў сваёй прамове на «Дажынках» ён зрабіў асаблівы акцэнт на магчымасць дэвальвацыі. Праўда, як звычайна, зваліў праблему з хворай галавы на здаровую і загадзя абвінаваціў у будучай праблеме «народ», які скупляе замежную валюту.

Зразумела, чаму ў журналістаў з пула не запланаваныя вострыя пытанні кіраўніку дзяржавы. Інакш замест ідэалагічна вывераных артыкулаў пра свята ўраджаю нацыянальнага маштабу ў дзяржаўных СМІ з'явілася б сумнае апавяданне пра стан спраў у эканоміцы Беларусі.

Фота: gazetaby.com

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках