21 траўня 2024, aўторак, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Найлепшая ўзнагарода - убачыць Бяляцкага на волі

1
Валянцін Стэфановіч: Найлепшая ўзнагарода - убачыць Бяляцкага на волі

Праваабаронца разлічвае, што ўручэнне Алесю Бяляцкаму прэміі Вацлава Гаўла прыцягне ўвагу да ягонай сітуацыі.

Пра гэта Валянцін Стэфановіч заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

«Мы вельмі рады за Алеся і мяркуем, што Бяляцкі абсалютна варты гэтай прэміі, менавіта прэміі Вацлава Гаўла. Я б нават сказаў, што яны вельмі падобныя: Алесь таксама пачынаў свой шлях у праваабарончую дзейнасць як літаратар, дырэктар музэя Максіма Багдановіча.

Дарэчы, яны і сустракаліся, калі Алесь Бяляцкі асабіста атрымліваў з рук Вацлава Гаўла прэмію «Homo homini». Я таксама прысутнічаў і вельмі добра памятаю гэтую сустрэчу. Нам з Алесем выпала нават пагаварыць з Вацлавам Гаўлам. Таму, натуральна, мы ўсе вельмі рады і спадзяемся, што гэта нейкім чынам паспрыяе і прыцягненню ўвагі міжнароднай супольнасці да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і, можа, паспрыяе неяк хутчэйшаму вызваленню ўсіх палітвязняў і самога Алеся Бяляцкага. І, вядома, для нас самая лепшая прэмія - гэта найхутчэй убачыць яго на волі», - сказаў Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, сёння стала вядома аб тым, што прэмія Вацлава Гаўла ў галіне правоў чалавека прысуджаная кінутаму за краты старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

Імя пераможцы абвясціў старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Жан-Клод Міньён.

Прэмія імя Вацлава Гаўла за правы чалавека штогод уручаецца ПАРЕ супольна з Бібліятэкай Вацлава Гаўла і фондам Charta 77. Сума прэміі складае 60 тысяч еўра. Галоўнай мэтай прэміі з'яўляецца заахвочванне выдатных дзеячаў грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца абаронай правоў чалавека.

Алесь Бяляцкі быў заарыштаваны 4 жніўня 2011 года і асуджаны за хаванне даходаў у асабліва вялікай суме на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкавых рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не выпадала, бо цэнтр «Вясна» працуе нелегальна - улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта прычыніў дзяржаве Бяляцкі, была цалкам сплачаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках