25 снежня 2024, Серада, 19:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі суд: Алігарх Пефціеў звязаны з Віктарам Бутам

12
Літоўскі суд: Алігарх Пефціеў звязаны з Віктарам Бутам

Цікавая інфармацыя стала вядомая падчас судовых разглядаў Уладзіміра Пефціева з-за санкцый ЕЗ.

Спрэчку літоўскіх ведамстваў і «кашалька» Лукашэнкі аб замарожаных Літвой сродках разглядае Суд справядлівасці Еўрапейскага Звяза, піша партал ru.DELFI.lt. Звярнуцца туды раней пастанавіў Галоўны адміністрацыйны суд Літвы (ГАСЛ) пасля таго, як разгледзеў скаргі МЗС і Службы расследаванняў фінансавых злачынстваў (СРФЗ) з нагоды неспрыяльнага для іх рашэння Віленскага акруговага адміністрацыйнага суда.

Уладзімір Пефціеў, які знаходзіцца ў «чорным спісе» ЕЗ, 27 жніўня мінулага года выйграў першую справу ў Літве. Віленскі акруговы адміністрацыйны суд тады распарадзіўся, каб МЗС і СРФЗ зноўку разгледзелі пададзеныя ў снежні 2011 года просьбы як самога алігарха, так і ўзначаленага ім найбуйнейшага ў Беларусі прадпрыемства па гандлі зброяй «Белтэхэкспарт», а таксама кампаній «Спорт-пары» і BT Telecommunications. Уладзімір Пефціеў патрабаваў дазволіць заплаціць замарожанымі сродкамі адвакацкай канторы Lawin, якая прадстаўляе беларускага прадпрымальніка ў Агульным судзе ЕЗ, дзе ён аспрэчвае абмежаванні, уведзеныя супраць яго.

Паводле азначэння Галоўнага адміністрацыйнага суда Літвы, алігарх з'яўляецца галоўным фінансавым спонсарам рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі. Па сутнасці, ён кантралюе беларускі экспарт зброі.

«Ёсць меркаванне, што вялікую частку асабістай маёмасці і рэзервовага фонду прэзідэнта Лукашэнкі складаюць сродкі ад гандлю зброяй і латарэй, што поспех Уладзіміра Пефціева ў гандлі зброяй і іншых відах бізнесу быў абумоўлены яго блізкімі сувязямі з самымі высокапастаўленымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, а таксама з чыноўнікамі бяспекі, акрамя таго, Уладзімір Пефціеў звязаны з расейскім гандляром зброяй Віктарам Бутам. Інфармацыя, якой валодае МЗС, дазволіла яму лічыць, што грашовыя сродкі Пефціева, прызначаныя для аплаты за паслугі Lawin, атрыманыя незаконна», - гаворыцца ў вызначэнні Галоўнага адміністрацыйнага суда Літвы.

Разгляд справы Уладзіміра Пефціева да таго часу, пакуль не будзе атрыманае прэюдыцыяльнае рашэнне Суда справядлівасці ЕЗ, прыпынены.

Віктар Бут, прысуджаны да 25-гадовага зняволення ў турме, знаходзіўся пад вартай з сакавіка 2008 года, калі ён быў арыштаваны ў Тайландзе па ордэры, выдадзеным ЗША. Улады гэтай краіны падазравалі прадпрымальніка у намеры прадаць зброю калумбійскай групоўцы FARC, занесенай Вашынгтонам у спіс тэрарыстычных арганізацый. Працэс над ім пачаўся ў Нью-Йорку ў 2011 годзе. Аднагалосны вердыкт аб вінаватасці гандляра зброяй быў вынесены ў мінулым годзе.

Віктар Бут доўгі час служыў афіцэрам у беларускім горадзе Віцебску.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках