24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка клянчыць нафту

62
Сямашка клянчыць нафту

Першыя віцэ-прэм'еры Беларусі і Расеі сёння сустракаюцца ў Маскве.

Паколькі Уладзімір Сямашка і Аркадзь Дварковіч курыруюць у сваіх ўрадах паліўна-энергетычную сферу, мяркуецца, што адным з ключавых пытанняў перамоваў стануць пастаўкі ў Беларусь расейскай нафты, піша БелаПАН.

З пачатку 2013 года графік паставак расейскай нафты зацвярджаецца паквартальна. Расейскі бок увязвае вырашэнне пытання аб пастаўках нафты ў Беларусі з ходам рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловай сферы. Беларускі бок, у сваю чаргу, прапануе Расеі падпісаць у верасні паліўна-энергетычны баланс не толькі на чацвёрты квартал 2013-га, але і на ўвесь 2014 год.

Усяго на 2013 год Менск просіць у Масквы 23 мільёны тон нафты, аднак Расея адмаўляецца прадастаўляць такія аб'ёмы.

29 жніўня Аркадзь Дварковіч ў адказ на арышт гендырэктара «Уралкалію» заявіў пра магчымасць прымянення эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі.

«У дачыненні да паставак нафты пазіцыя Расеі не змянілася - мы зыходзім з таго, што за 2013 год расейскі бок паставіць у Беларусь 18,5 мільёна тон, пры тым, што Беларусь настойвае на 23 мільёнах тон. Чаканы аб'ём паставак за першыя восем месяцаў 2013 года ўжо складзе каля 15 мільёнаў тон. Пры ўзгадненні балансу на чацвёрты квартал мы будзем зыходзіць з заяўленага Расеяй аб'ёму», - заявіў віцэ-прэм'ер Расеі некалькі дзён таму.

Адначасова з пагрозамі, звязанымі з пастаўкамі нафты, Аркадзь Дварковіч нагадаў пра прыцягненне да адказнасці асоб, вінаватых у кантрабандзе «растваральнікаў», з-за якой у 2011-2012 годзе расейскі дзяржбюджэт не атрымаў 1,5 млрд даляраў.

Напярэдадні перамоваў кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка паведаміў журналістам, што віцэ-прэм'еры таксама абмяркуюць праблему якасці беларускай малочнай прадукцыі, якая пастаўляецца ў Расею.

Нагадаем, 28 жніўня Расспажыўнагляд выказаў асцярогу з нагоды якасці малочных прадуктаў з Беларусі. Гаворка ідзе пра сухое і пітное малако, а таксама пра алей.

На перамовах у Маскве адбудзецца «чарговы цыкл высвятлення пазіцый», сказаў Анішчанка. У гэты ж дзень у кіраўніка Расспажыўнагляду прызначаная сустрэча з міністрам аховы здароўя Беларусі Васілём Жарко.

Назіральнікі звяртаюць увагу на тое, што цяперашнія перамовы - першая беларуска-расейская сустрэча такога ўзроўню пасля затрымання ў Менску гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера, які таксама з'яўляецца старшынёй назіральнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК).

Баўмгертнера затрымалі ў Менску пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, куды ён быў афіцыйна запрошаны для абмеркавання пытанняў, звязаных з працай БКК. Ён і шэраг іншых супрацоўнікаў БКК абвінавачваецца па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

Як адзначаюць назіральнікі, у святле калійнага канфлікту на сённяшніх перамовах у Маскве бакам будзе вельмі складана дасягнуць кампрамісу.

На сённяшняй сустрэчы, апроч іншага, павінна канчаткова праясніцца сітуацыя з правядзеннем 17 верасня ў Маскве пасяджэння Савета міністраў «саюзнай дзяржавы».

Пра тое, што пасяджэнне Саюзнага ўрада намечанае на 17 верасня, паведаміла на мінулым тыдні крыніца, блізкая да перамоўнага працэсу. Аднак 3 верасня прадстаўнік расейскага ўрада паведаміў, што бліжэйшая сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Расеі Міхаіла Мясніковіча і Дзмітрыя Мядзведзева адбудзецца ў рамках пасяджэння Вышэйшага еўразійскага савета 24-25 верасня ў Казахстане.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках