34 краіны падтрымалі ўдар ЗША па Асаду
52- 5.09.2013, 13:26
- 31,427
Арабскія дзяржавы гатовыя фінансаваць ваенную аперацыю супраць сірыйскага дыктатара.
Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, перадае «Інтэрфакс».
«Ужо 34 краіны і арганізацыі завілі, што падтрымаюць рэальныя дзеянні супраць Сірыі, калі абвінавачванні (ва ўжыванні сірыйскім рэжымам хімзброі) будуць даказаныя», - сказаў дыпламат у сераду на слуханнях у камітэце па замежных справах палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША.
Ён дадаў, што «31 краіна і арганізацыя заявілі публічна ці прыватна, што рэжым Башара Асада нясе адказнасць за гэтыя напады, і гэта было яшчэ да таго, як мы сабралі разам усе нашыя доказы».
«Мы атрымліваем падтрымку ад іншых краін, у тым ліку і ад Лігі арабскіх дзяржаў», - паведаміў дзяржсакратар.
Ён адзначыў, што «некаторыя спецыфічныя краіны выказаліся на карысць актыўных дзеянняў». Да іх ён аднёс Саудаўскую Аравію, ААЭ, Катар, Турцыю і Францыю. «Частка з іх заявіла пра гатоўнасць прыняць удзел у ваеннай аперацыі», - адзначыў Джон Кэры .
«Францыя выступіла з ініцыятывай аб удзеле ў аперацыі, ёсць і іншыя, якія выказалі жаданне. Але, шчыра кажучы, ужо ёсць больш краін-валанцёраў, чым мы маглі б прыцягнуць да ўдзелу ў такой аперацыі», - заявіў дыпламат.
Ён паведаміў, што шэраг арабскіх краін прапанавалі «значную суму» ў якасці фінансавай падтрымкі амерыканскай аперацыі.
«Некаторыя з іх заявілі, што калі ЗША маюць намер ажыццявіць усе свае намеры, як гэта было раней у іншых месцах, яны гатовыя гэта аплаціць».
Паводле яго слоў, ЗША падтрымліваюць кантакты па пытанні аб ваеннай акцыі супраць Сірыі з больш як са 100 краінамі.
Кіраўнік Пентагона Чак Хейгел у адказ на пытанне кангрэсмена аб тым, хто пастаўляе Сірыі хімічную зброю, заявіў, што «іх забяспечваюць расейцы, іншыя таксама пастаўляюць, а частку яны вырабляюць самі».
Нагадаем, сёння стала вядома пра тое, што Камітэт па замежных справах сената ЗША прыняў праект рэзалюцыі, які ўхваляе ваенную аперацыю ў Сірыі ў адказ на хімічную атаку ў прыгарадзе Дамаска.
План прэзідэнта Барака Абамы падтрымалі 10 членаў камітэта, сем прагаласавалі супраць, і адзін устрымаўся. Цяпер праект рэзалюцыі паступіць на галасаванне ўсяго сената, якое, як чакаецца, адбудзецца на наступным тыдні.