Маці Ігара Пцічкіна: Майго сына забілі міліцыянты
45- 5.09.2013, 13:52
- 36,807
Сваякі загінулага на Валадарцы менчука патрабуюць расследавання яго смерці.
Ігара Пцічкіна асудзілі на 3 месяцы арышту за кіраванне аўтамабілем без правоў. 2 гады таму суд забараніў яму сядаць за руль аўтамабіля на працягу 5 гадоў. 21-гадовы жыхар Менска на судовым пасяджэнні прызнаў сваю віну. 30 ліпеня ён прыехаў у РУУС Завадскога раёна, адкуль маладога чалавека этапавалі ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, дзе ён павінен быў адбываць пакаранне, нагадвае телеканл «Белсат».
Праз чатыры дні супрацоўнікі турмы патэлефанавалі маці Ігара Пцічкіна і паведамілі аб яго смерці. Ёй сказалі што ў хлопца, які ніколі нічым сур'ёзным не хварэў, адбылося спыненне сэрца. Без дазволу маці яго цела адправілі ў морг і зрабілі анатамаванне. Пазней, падчас працэдуры апазнання родныя ўбачылі шматлікія гематомы, сінякі, раны. Няўзброеным вокам былі прыкметныя пераломы рэбраў, а на запясцях - бачныя сляды бранзалетаў і адкрытыя раны.
«Вось што з ім зрабілі за чатыры дні, - кажа Жанна Пцічкіна, паказваючы шматлікія фатаграфіі са слядамі катаванняў. - Я ведаю, што яго забіла міліцыя».
Праваабаронца Алена Красоўская, медык па адукацыі, асабіста аглядала цела загінулага. Спецыяліст канстатуе шматлікія пабоі. Афіцыйны ж медэксперт «не заўважыў» нічога незвычайнага, у тым ліку - пераломаў рэбраў і рукі. Алена Красоўская, якая раней сама працавала ў турэмным шпіталі, кажа, што такія сляды на руках, як у Ігара Пцічкіна, маглі з'явіцца ад кайданкоў, калі чалавека падвешваюць за іх.
Сваякі загінулага паказалі відэазапіс, які Ігар Пцічкін зрабіў на свой мабільны тэлефон у пастарунку. На ім відаць, як міліцыянты пагражаюць катаваннямі маладому чалавеку за тое, што той спрабаваў заступіцца за іншага затрыманага.
Сваякі загінулага працягваюць шукаць праўду і патрабуюць правядзення паўторнай экспертызы.