1 траўня 2024, Серада, 20:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацькі школьнікаў зладзілі гармідар каля «Акадэмкнігі»

23

Каб трапіць ўчора ў кніжны магазін на станцыі метро «Акадэмія навук» у Менску, трэба было адстаяць салідную чаргу.

Мамы школьнікаў зладзілі ў краме сапраўдны гармідар. Чарга ў менскі кніжны магла б супернічаць з нядаўняй чаргой да адкрыцця крамы «H&M» у Вільні. Роўна праз паўгадзіны пасля канца працоўнага дня ў «Акадэмкнігу» пачалі запускаць невялікімі групкамі, піша open.by.

- Тут ужо яблыку няма дзе ўпасці, - патлумачыла прадавец. - Пачатак навучальнага года, бацькі вярнуліся з арганізацыйных сходаў са спісамі пакупак для школы - і адразу сюды. У нас выбар вялікі, вось і ідуць. Цяпер запускаем групкамі, таму што пракансультаваць і абслужыць столькі адразу немагчыма.

Сапраўды, у руках у многіх змятыя лісточкі - спісы.

- Мы, наогул, закупіліся яшчэ ў ліпені. Але ўчора класная дала свой спіс неабходных рэчаў, - распавяла мама чацвёртакласніка. - Шмат што з набытага не падыходзіць, даводзіцца тэрмінова дакупляць. Напрыклад, патрэбная нейкая «Цуда-майстэрня». Я наогул не ведаю, што гэта, але, кажуць, у «Акадэмкнізе» яна ёсць.

Бацькі школьнікаў зладзілі гармідар каля «Акадэмкнігі». Фота: open.by

Дзве дзяўчыны-старшакласніцы прыйшлі за сшыткамі для лабараторных работ.

- Фізічка патрабуе, каб былі на беларускай мове, - скардзяцца яны. - А на кірмашы толькі рускамоўныя.

Самавітага выгляду мужчына перапытвае па мабільным, якія дакладна контурныя мапы трэба купіць.

- Я не разумею, да чаго такая спешка, - распавёў ён. - Тым больш, нам сказалі, што карыстацца імі будуць не раней другой чвэрці. Але трэба сабраць з усяго класа і аддаць настаўніцы ўжо цяпер. У нас гімназія, усе сшыткі-дзённікі павінны быць аднолькавымі. Атласы мы купілі ў ГУМе, а вось з контурнымі мапамі неяк не пашанцавала, усе раскупляюць імгненна.

- Ай, усё, надакучыла, - адышлі ад чаргі дзве мамы. - Паедзем у «Светач».

- Там людзей не менш, - адгукнулася жанчына, якая стаяла перад імі. - Я сёння і ў «Цэнтральнай кнігарні» была, і на Казлова пад'язджала. Усюды чэргі.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках