1 траўня 2024, Серада, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тозік хаваецца ад шматдзетных маці

39
Тозік хаваецца ад шматдзетных маці

Група прыймовых і шматдзетных бацькоў трэцім разам атрымала адмову ў сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Анатолем Тозікам.

Ён апекуецца ва ўрадзе сацыяльнымі пытаннямі, нагадвае БелаПАН.

Са слоў адной з арганізатарак сустрэчы, Алены Кашынай, Анатоль Тозік праводзіць прыйманне грамадзян два разы на год - у верасні і сакавіку. Паводле ейных слоў, бацькі запісваліся на сустрэчу ўжо тройчы і кожны раз у прыймальні ім паведамлялі розныя ўмовы. Падчас апошняга запісу на прыйманне групе з пяці бацькоў паведамілі, што для арганізацыі сустрэчы ім трэба зараней даслаць пытанні, якія яны хочуць абмеркаваць з віцэ-прэм'ерам, а Тозік, у сваю чаргу, разгледзіць іх і прыме пастанову аб згодзе альбо адмове ў прыйманні.

«Паводле закону аб зваротах грамадзян службовая асоба не можа адмовіць у асабістым прыйманні, за выняткам двух выпадкаў: калі мы ў яго ўжо былі і атрымалі поўны абгрунтаваны адказ або калі з намі спыненая перапіска ў гэтым пытанні. З намі не спыненая перапіска, мы ў яго яшчэ ні разу не былі, але, тым не менш, нам трэцім разам адмаўляюць», - заявіла Кашына.

У той жа час яна выказала здагадку, што Тозік не разглядаў пытанні ад прыймовых і шматдзетных бацькоў, бо яны да яго «не дайшлі». Напярэдадні меркаванай сустрэчы, 4 верасня, бацькам паведамлялі, што віцэ-прэм'еру яшчэ не дакладвалі аб іхных пытаннях, а да вечара яны атрымалі адмову ў прыйманні, распавяла Кашына.

З ейных слоў, на сустрэчы з Тозікам бацькі планавалі ўзняць пытанні, якія тычацца льгот на аплату камунальных паслуг для шматдзетных сем'яў і сем'яў з прыймовымі дзецьмі, кампенсацыі выдаткаў на лячэнне прыймовых дзяцей ды іншыя.

У прыватнасці, у прадпісанні аб прыймовай сям'і пазначана, што сплата выдаткаў на лекаванне прыймовых дзяцей ажыццяўляецца паводле пастановы савета «дэпутатаў». «Дэпутаты збіраюцца на сэсію два разы на год, а дзеці хварэюць значна часцей», - адзначыла Кашына. Да таго ж, з ейных слоў, бацькі не ведаюць, выдаткі на якія лекі ім павінны кампенсавацца, а на якія - не.

Са слоў Кашынай, раней бацькі накіроўвалі аналагічны запыт у Міністэрства адукацыі, якое «дало адказ не на пастаўленыя пытанні». Бліжэйшым часам, адзначыла Кашына, бацькі далей патрабавацьмуць ад урада адказаў на пастаўленыя імі пытанні і, магчыма, будуць звяртацца да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. «Мы не просім грошай, мы просім усталяваць дакладныя правілы», - адзначыла Кашына.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках