5 траўня 2024, Нядзеля, 10:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Шумчанка: Танней заплаціць 100$, чым закупляцца ў Беларусі

96
Анатоль Шумчанка: Танней заплаціць 100$, чым закупляцца ў Беларусі

Пошліна на шопінг за мяжой верне Беларусь у часы «жалезнай заслоны».

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў старшыня грамадскай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, каментуючы ініцыятыву Лукашэнкі абкладаць пошлінай у 100$ грамадзян, якія едуць на шопінг за мяжу.

«Зразумела, што людзі не ад добрага жыцця робяць візы і едуць за куплямі за мяжу. З заявы Лукашэнкі можна нават зрабіць анекдот. «Ёсць дзве навіны: добрая і дрэнная. Добрая ў тым, што можна бясплатна атрымаць візу, а дрэнная, што ехаць за мяжу больш няма сэнсу», - адзначыў адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Беларусі.

Пры гэтым ён лічыць, што нават калі плаціць 100 даляраў пошліны, то, усё роўна, закупляцца за мяжой будзе танней, чым у Беларусі.

«Дадзеная ініцыятыва сведчыць пра тое, што маштабы шопінгу беларусаў за мяжой прынялі пагрозлівы характар. Выязджаючы за мяжу, людзі бачаць рынкавую эканоміку і дэмакратыю. Хоць раз пабываўшы там, яны ўжо могуць параўноўваць з Беларуссю. І ніякая прапаганда тут не дапаможа», - упэўнены старшыня «Перспектывы».

Ён падкрэсліў, што ўстаноўка такой пошліны практычна верне Беларусь у часы «жалезнай заслоны».

«Калі беларускія прадпрыемствы не вытрымліваюць канкурэнцыі, то ўлады бяруцца за палку. Калі Лукашэнка хоча, каб беларусы куплялі айчынныя тавары, то хай зробіць іх канкурэнтаздольнымі. Але замест зніжэння падаткаў, прыватызацыі і рэфармавання эканомікі, ён ідзе на нейкія абмежаванні. Я думаю, што гэта не апошняя цана, якую заплацяць беларусы за сваё цярпенне. Больш за тое, гэтыя заявы прывядуць да таго, што цяпер людзі кінуцца вывозіць валюту з краіны і купляць «барахло», а на мяжы пачнецца жудасны ажыятаж», - перакананы Анатоль Шумчанка.

Нагадаем, сёння падчас наведвання ААТ «Мотавела» беларускі кіраўнік прапанаваў увесці выязную пошліну для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу за куплямі, у памеры 100 даляраў.

Напісаць каментар 96

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках