24 снежня 2024, aўторак, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: ЧС па хакеі ў Менску чакае правал

35
Gazeta Wyborcza: ЧС па хакеі ў Менску чакае правал

Нягледзячы на глыбокі крызіс, Лукашэнка рыхтуе ў сталіцы вялікае шоў.

У сувязі з правядзеннем у Менску Чэмпіянату свету па хакеі Лукашэнка абвясціў 2014 год «годам гасціннасці». Будучы аматарам гэтага спорту, ён не звяртае ўвагу на эканамічны крызіс і рыхтуе ў сталіцы вялікае шоў, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).

- Беларусь называюць краінай добрых людзей. Справа гонару для кожнага з нас - праявіць свае душэўныя якасці ў надыходзячым годзе гасціннасці, - казаў Аляксандр Лукашэнка ў навагоднім звароце да народа. Зразумела, што прычынай гэтых пракламацый з'яўляецца ЧС па хакеі на лёдзе, які ў траўні пройдзе ў Менску.

Беларускі кіраўнік любіць хакей: ён не толькі заўзее, але і гуляе на аматарскіх турнірах. На працягу дзесяці гадоў у Менску праводзіцца Калядны турнір аматараў хакея на прыз прэзідэнта Беларусі. Лукашэнка выходзіць на лёд разам з асаблівай «дружынай прэзідэнта». Як правіла, ён выйграе. Так было і ў гэтым годзе, калі яго каманда перамагла аматарскую зборную Расеі. Мерапрыемства транслявалі ўсе дзяржаўныя СМІ.

Нядзіўна, што ЧС стаў самай важнай падзеяй года. Лукашэнка ўжо стварыў штаб з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства спорту, інфармацыі і сілавых структур і асабіста кантралюе падрыхтоўку. Ён таксама адмяніў візы для хакейных заўзятараў. Для перасячэння мяжы дастаткова пашпарта і квітка хоць бы на адзін матч.

- Па сутнасці ніхто яшчэ не ўводзіў бязвізавы рэжым на перыяд правядзення такіх мерапрыемстваў. Так, былі нейкія спрашчэнні, але такога ўзроўню, як у нас, яшчэ не было - выхваляўся прэс-сакратар Дзяржаўнага памежкамітэта Аляксандр Цішчанка.

Паколькі менскія гасцініцы і хостэлы могуць размясціць каля 4,5 тысяч гасцей, а ўлады спадзяюцца нават на 20 тысяч, сталічныя ВНУ раней скончаць навучальны год, каб вызваліць для іх інтэрнаты.

Улады заявілі, што чэмпіянат - гэта іспыт для ўсіх арганізацый, адказных за транспарт, бяспеку і абслугоўванне турыстаў. Афіцыйным тураператарам мерапрыемства стала фірма «Цэнтркурорт», заснаваная адміністрацыяй Лукашэнкі.

- Рэжым Лукашэнкі не можа пахваліцца дынамічным развіццём эканомікі, навукі або культуры. Таму застаецца спорт з акцэнтам на віды, якімі займаецца Лукашэнка, - кажа палітолаг Валерый Булгакаў.

Лукашэнка практычна з самага пачатку яго дваццацігадовага кіравання інвестуе ў хакей - ва ўсіх буйных гарадах пабудаваныя так званыя лядовыя палацы. Нягледзячы на гэта, беларусы да гэтага не маюць дасягненняў у гэтай дысцыпліне і застаюцца далёка за сусветнымі лідарамі. Так і на бліжэйшым чэмпіянаце спартыўныя эксперты не прадказваюць беларускай камандзе шмат перамог.

- Падчас трох апошніх чэмпіянатаў Беларусь балансавала на мяжы, змагаючыся за тое, каб не страціць пазіцыю ў дывізіёне А. Таму ў нас, хутчэй за ўсё, няма шанцаў на вялікі поспех, - кажа спартыўны журналіст Зміцер Панкавец.

Аднак Лукашэнка адкрыта прызнаецца, што яго галоўнай мэтай з'яўляюцца не спартыўныя поспехі: мерапрыемства павінна палепшыць імідж Беларусі ў свеце.

- Каб людзі ад нас, як гэта часта бывала, з'язджалі і казалі: «Гэта цалкам нармальная краіна, горад, а не тое, што мы чыталі ў сродках масавай інфармацыі», - заявіў беларускі кіраўнік.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках