Мікалай Аўтуховіч напісаў 140 навагодніх віншаванняў
5- 14.01.2014, 16:17
- 8,571
Рэжысёр Вольга Нікалайчык атрымала ліст ад палітвязня, датаваны 31 снежня.
«Атрымаў ад цябе ліст, дзякуй! Фатаграфіі таксама дайшлі. Даўно не бачыў маму. Дзякуй Богу, што хоць на фатаграфіі магу паглядзець. Спатканні з Ленай (жонка Мікалая Аўтуховіча - заўв. сharter97.org) таксама былі дастаткова даўно. Больш за 16 месяцаў мы не бачыліся. Ліла слёзы, калі ўбачыла мяне, шкада, але нічога не зробіш. Турма не санаторый... У перадачы атрымаў амаль усё. Мне шмат і не трэба. Усё неабходнае ёсць. Хопіць да канца тэрміну.
Прывітанне ўсім добрым, неабыякавым людзям. Атрымаў шмат лістоў і віншаванняў! Вось не ведаю, калі змагу ўсім адказаць. Таму і пішу кожную вольную хвіліну. Хай караценька, але адказваю ўсім. Сам паспеў павіншаваць больш за 140 чалавек, колькі было паштовак. І часу ў мяне было не зусім шмат. Пад самыя святы скралі ў мяне цэлы тыдзень, так ледзь паспеў з віншаваннямі. Толькі 30 снежня адправіў іх усім.
Буду развітвацца! Трымайцеся! Не трэба баяцца, калі ты не робіш нічога крымінальнага. Праўда заўсёды мацней зла. Таму перамога будзе на баку праўды!» - напісаў палітвязень у лісце.
Нагадаем, прысуд Мікалаю Аўтуховічу быў вынесены 6 траўня 2010 года. Ён быў асуджаны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь па частцы 3 артыкула 295 КК і, нягледзячы на поўны развал справы ў судзе з-за адсутнасці доказаў, прысуджаны да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму за выкрыццё фактаў карупцыі сярод прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Афіцыйна прадпрымальніка асудзілі за захоўванне і перавозку пяці патронаў.