ЕГУ запрасіў на семінар былую намесніцу Якубовіча
16- 15.01.2014, 16:25
- 14,133
Былая намесніца рэдактара «Советской Белоруссии», якая яшчэ нядаўна была неўязной у ЕЗ, наведае Вільню.
Ганна Шадрына возьме ўдзел у літаратурным семінары, арганізаваным Цэнтрам гендэрных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Таксама яна прадставіць сваю кнігу «Не замужам: сэкс, любоў і сям'я за межамі шлюбу».
Пра гэта былая намесніца Паўла Якубовіча напісала ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
«На семінары мы хацелі б абмеркаваць магчымасць/неабходнасць адстойвання аўтарскай пазіцыі, захавання арыгінальнага паведамлення і стратэгіі аддалення ад гвалтоўнага размяшчэння нас і нашых кніг на карце падвойных супрацьлегласцяў», - напісала яна.
Мерапрыемства адбудзецца заўтра, 16 студзеня.
Шадрына была аўтарам матэрыялаў у «Советской Белоруссии», у якіх напярэдадні выбараў 2010 года змяшчаўся паклёп на адрас актывістаў апазіцыі і некаторых кандыдатаў у прэзідэнты. З-за гэтага яна разам з іншымі чыноўнікамі і прапагандыстамі была ўнесена ў «чорны спіс» ЕЗ. Пасля гэтага Шадрына спрабавала не без дапамогі алігарха Пефціева дамагчыся зняцця санкцый. У траўні мінулага года ёй гэта ўдалося. Шадрыну выключылі з «чорнага спісу» і дазволілі ўезд у ЕЗ.