Выйшла анталогія творчасці беларускіх палітвязняў
3- 15.01.2014, 17:10
- 9,145
У пачатку 2014 года ў Вільні пабачыла свет арыгінальнае тысячастаронкавае выданне - «Голас волі з-за кратаў».
У анталогію, створаную пад рэдактарствам Аляксандра Фядуты і выдадзеную Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, увайшлі творы аўтараў, якія ў розныя гады былі прызнаныя палітычнымі вязнямі. Кніга разнастайная як па жанрах саміх твораў: вершы, апавяданні, дзённікі, успаміны, артыкулы, так і па складзе аўтараў: ад зусім маладых, чые творы публікуюцца ўпершыню, да такога прызнанага паэта як Уладзімір Някляеў.
Шырока прадстаўленая ў выданні беларуская журналістыка: Ірына Халіп, Наталля Радзіна, Анджэй Пачобут, Павел Шарамет. Цалкам апублікаваны ў анталогіі дзённік Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», які атрымаў прэмію імя Аляхновіча, такія добра вядомыя творы, як «Праца над памылкамі» Васіля Лявонава, «Чарвяк» Змітра Дашкевіча, фрагменты з кніг «Беларуская глыбіня» і «Люблю Беларусь» Паўла Севярынца, «Мой маленькі Парыж» Аляксандра Фядуты, фрагменты турэмнага дзённіка Паўла Шарамета, а таксама ўсе знойдзеныя вершы трагічна загінулага Арцёма Грыбкова.
У бліжэйшы час плануюцца прэзентацыі анталогіі «Голас волі з-за кратаў» у Вільні і Менску.