«Байкот балюча ўдарыць па Лукашэнку»
93- 18.01.2014, 15:09
- 129,238
Пратэсты супраць ЧС па хакеі ў Менску працягваюцца.
Міністр культуры і спорту Фінляндыі Паава Архінмякі выступіў супраць правядзення чэмпіянату свету-2014па хакеі ў Менску. З такой нагоды спартовы сайт Goals.byўспомніў адзінаццаць выпадкаў, калі вядомыя еўрапейскія і амерыканскія палітыкі, а таксама актывісты міжнародных рухаў заклікалі да пераносу турніру з Беларусі ў іншую краіну.
Заклік Дэрбіна
Хто: Дзік Дэрбін (амерыканскі сенатар ад дэмакратычнай партыі)
Калі: красавік 2011 года.
Дзік Дэрбін напісаў ліст у ІІХФ, параіўшы міжнароднай федэрацыі не праводзіць чэмпіянат свету ў Беларусі да таго часу, пакуль прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка не вызваліць усіх палітвязняў, большасць з якіх былі арыштаваныя падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Гэты ліст падпісалі чальцы Еўрапарламенту, чалец Залы хакейнай славы Петэр Шцясны, кангрэсмэн Майк Куіглі. Таксама варта адзначыць, што ў сакавіку таго ж года Сенат ЗША прыняў адмысловую рэзалюцыю, якая заклікае ІІХФ адклікаць з Беларусі права правядзення ЧС-2014.
«Забарона спартовых мерапрыемстваў мела ў гісторыі станоўчыя вынікі»
Хто: Петэр Шцясны (былы хакеіст зборнай Славакіі, цяпер еўрадэпутат)
Калі: травень 2011 года
«Не трэба заахвочваць дыктатарскі рэжым, які так брутальна абыходзіцца са сваімі людзьмі».
Словы: «Сітуацыя з асноўнымі правамі чалавека ў суседняй з Еўразвязам краіне - вельмі важная справа. Некаторыя рэчы больш важныя, чым спорт. Гэта маё асабістае меркаванне і проста здаровы сэнс. Не трэба заахвочваць дыктатарскі рэжым, які так брутальна абыходзіцца са сваімі людзьмі. Федэрацыя павінна разумець, якія наступствы будзе мець правядзенне чэмпіянату ў такіх умовах. Я выдатна ведаю і разумею, што спорт спрыяе добрым адносінам паміж народамі, але і забарона спартовых мерапрыемстваў мела ў гісторыі станоўчыя вынікі.
У гісторыі сусветнага хакея таксама былі падобныя прэцэдэнты. Напрыклад, калі ў 1968 годзе войскі СССР і краін Варшаўскага пакту ўварваліся ў Чэхаславаччыну, чэмпіянат павінен быў праходзіць у Празе. Без сумневу, мы будзем працягваць свой ціск. Мы павінны дзейнічаць, бо сітуацыя крытычная».
Заклік Бузэка
Хто: Ежы Бузэк (старшыня Еўрапарламента)
Калі: травень 2011 года
Вясной 2011 года старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк звярнуўся ў ІІХФ з заклікам адмовіцца ад правядзення чэмпіянату свету 2014 года ў Беларусі. Са слоў Бузэка, турнір нельга праводзіць у краіне, дзе кіруючы рэжым арыштаваў «сотні мірных дэманстрантаў, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты і лідараў апазіцыі». Ежы Бузэк падкрэсліў, што Беларусі можна будзе дазволіць арганізаваць першынство планеты толькі пасля таго, як на свабоду выйдуць усе палітычныя вязні. Зварот старшыні падпісалі некалькі дэпутатаў Еўрапарламента.
На заяву Бузэка адрэагавалі ў Беларусі. Прэс-сакратар нашага МЗС Андрэй Савіных сказаў наступныя словы: «Гэта дзіўныя паводзіны. Спадару Бузэку павінна быць вядома, што з часоў Старажытнай Грэцыі спорт знаходзіцца па-за палітыкай. Гістарычны досвед паказвае, што адступленне ад гэтага праверанага стагоддзямі прынцыпу стварае толькі праблемы, і часцяком менавіта для ініцыятара такіх заяў. Абсурднасць гэтага падыходу відавочная. Бузэк залішне захапіўся палітычным самапіярам і самарэкламай».
Пазней Еўрапарламент яшчэ некалькі разоў звяртаўся ў ІІХФ з заклікамне праводзіць чэмпіянат свету-2014 у Менску. Апошнюю спробу еўрадэпутаты распачалі ў верасні 2013 года.
«Ніякага чэмпіянату свету не будзе»
Хто: Ганна Гуцол (кіраўніца ўкраінскага руху FEMEN)
Калі: студзень 2012 года.
Словы: «Мы пачынаем маштабную кампанію «Сушыце клюшкі». Падрабязнасці мы пакуль трымаем у таямніцы, але гэта будзе магутна, гэта будзе нязручна і балюча для беларускіх чыноўнікаў. Мы зробім усё, каб сусветная грамадскасць ведала, што адбываецца ў Беларусі. Ніякага чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі не будзе».
А ў лютым 2011 года актывісткі ўкраінскага руху згулялі хакейны матч топлес у знак пратэсту супраць правядзення турніру ў Беларусі. Гульня прайшла ля будынку штаб-кватэры ІІХФ у Цюрыху ў фармаце «2 на 2».
«Заклікаем нацыянальныя хакейныя федэрацыі перанесці ЧС-2014»
Хто: Марэк Мігальскі (польскі дэпутат парламента ЕЗ)
Калі: сакавік 2012
Словы: «Заклікаем нацыянальныя хакейныя федэрацыі краін - чальцоў ЕЗ і ўсіх іншых дэмакратычных краін, у тым ліку ў час правядзення кангрэса Міжнароднай федэрацыі хакея ў Хельсінкі, перагледзець сваю ранейшую пастанову і перанесці чэмпіянат свету 2014 года ў іншую краіну, калі ў Беларусі не будуць вызваленыя палітвязні, вязні сумлення і калі рэжым не будзе праяўляць відавочных прыкмет павагі правоў чалавека і захавання вяршэнства закона».
Паводле ініцыятывы гэтага ж дэпутата вясной 2012-га праводзілася акцыя «Пакінь дыктатара на лёдзе».
«Большасці спартоўцаў будзе непрыемна атрымліваць узнагароды з рук дыктатара»
Хто: Бундэстаг - аднапалатны орган народнага прадстаўніцтва Нямеччыны
Калі: травень 2012 года
Праект рэзалюцыіз заклікам перанесці чэмпіянат свету па хакеі з Беларусі ў іншую краіну распрацавалі фракцыі сацыял-дэмакратаў (СДПГ) і «Зялёных». Пазней да працы над праектам далучыліся таксама дэпутаты кіруючай кааліцыі з ХДС/ХСС і СвДП. Нямецкія палітыкі лічылі, што правадыр Беларусі Аляксандр Лукашэнка не з'яўляецца «годным гаспадаром» для чэмпіянату.
У рэзалюцыі дэпутаты сцвярджалі, што маюць намер звярнуцца да Нямецкага хакейнага саюзу з просьбай падняць гэтую тэму на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея ў Хельсінкі. Палітыкі былі ўпэўненыя, што «большасці спартоўцаў будзе непрыемна атрымліваць ўзнагароды з рук дыктатара».
«Байкот чэмпіянату свету - удар па Лукашэнку»
Хто: Ханс-Георг Вік (кіраўнік асацыяцыі «Правы чалавека ў Беларусі»)
Калі: снежань 2012
Словы: «Лукашэнка - вялікі аматар хакея і актыўны гулец, які ўдзельнічае ў спаборніцтвах, якія ён жа сам і задавальняе. Для яго першынство свету па хакеі - магчымасць для самасцвярджэння. У гісторыі ёсць яркія прыклады, калі дыктатары выкарыстоўвалі спартыўныя святы, каб прадэманстраваць, што ўвесь свет перад імі схіляецца. Дастаткова ўспомніць Алімпіяду ў Берліне ў 1936 годзе. Байкот чэмпіянату свету ў Менску балюча ўдарыў бы па Лукашэнку. Людзі ўбачылі б, што ён пазбавіў іх свята. Але Міжнародная федэрацыя хакею выступае за правядзенне турніру ў беларускай сталіцы».
«У хакеі за бойку вы атрымліваеце пяціхвілінны штраф, у Беларусі - пяць гадоў за мірную маніфестацыю»
Хто: Тоні Лойд (брытанскі парламентарый)
Калі: чэрвень 2012 года
Парламенцкая асамблея АБСЕ падрыхтавала рэзалюцыю, якая заклікае адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету-2014, калі ўлады краіны не вызваляць усіх палітычных зняволеных. Праект рэзалюцыі таксама настойліва заклікаў Менск пакласці канец уціску і пераследу прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў, адмяніць хатні арышт выпушчаных з турмаў палітычных зняволеных, дазволіць правядзенне міжнароднага расследавання паводле сцвярджэнняў аб катаваннях у турмах.
«У хакеі за бойку вы атрымліваеце пяціхвілінны штраф, у Беларусі - пяць гадоў за мірную маніфестацыю», - заявіў Тоні Лойд.
«Шведы павінны сказаць: «Мы не прыедзем!»
Хто: Барыс Нямцоў (расейскі палітык)
Калі: ліпень 2013
Словы: «Замежныя палітыкі і спартоўцы павінны заявіць: мы да вас не прыедзем, пакуль ты не вызваліш усіх палітвязняў. Перш за ўсё пра гэта павінны заявіць шведы - чэмпіёны свету па хакеі. Яны вядомыя праваабаронцы. Яны першыя павінны сказаць: «Слухай нас уважліва: мы да табе не прыедзем. Заўтра каб усе былі вызваленыя!» З ім толькі так можна размаўляць. З гэтым - толькі так! Паліткарэктнасць, размовы пра «Усходняе партнёрства» - гэта поўны ідыятызм».
Неўзабаве на словы Нямцоваў рэзкай форме адрэагаваў тэлеканал ОНТ. А намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч і зусім прапанаваў забараніць Барысу Нямцову ўезд у Беларусь.
«Лепш не прыязджайце. Асабліва гульцы НХЛ»
Хто: Зміцер Бандарэнка (каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»)
Калі: лістапад 2013 года
Словы: «Я заклікаю хакеістаў свету не прыязджаць у Беларусь. Большасць з вас да гэтага часу ўжо пабывае на Алімпіядзе ў Сочы. Лепш адпачніце, не прыязджайце ў Беларусь падчас чэмпіянату. У асаблівасці звяртаюся да гульцоў НХЛ: ваш прыезд будзе выкарыстаны для таго, каб прэвентыўна арыштаваць і пасадзіць на паўмесяца або месяц у турму сотні актывістаў, каб вы іх не ўбачылі. Тысячы людзей, як у старыя добрыя савецкія часы, будуць выселеныя з Менска, бо іх выгляд нейкім чынам ня задавальняе дыктатара».
«ЧС-2014 па хакеі пройдзе ў краіне апошняй дыктатуры ў Еўропе»
Хто: Паава Архінмякі (міністр культуры і спорту Фінляндыі)
Калі: студзень 2014
Словы: «Ніводзін палітык не павінен падтрымліваць парушэнні правоў чалавека, абмежаванне свабоды слова або рэпрэсіі ў дачыненні да сэксуальных меншасцяў. Гэта вельмі вялікая праблема ў спартыўнай супольнасці, паколькі такія аспекты не прымаюцца пад увагу пры выбары месцаў правядзення спаборніцтваў. Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Беларусі, краіне апошняй дыктатуры ў Еўропе».
Некалькі гадоў таму фінскі палітык ужо выступаў супраць правядзення хакейнага чэмпіянату свету ў Менску.