Клічко: Сёння месца ўсіх неабыякавых - у Кіеве
12- 20.01.2014, 17:17
- 19,798
Палітык заклікаў украінцаў ехаць у Кіеў для таго, каб "абараніць сваю краіну і сваю будучыню".
Сёння месца ўсіх неабыякавых украінцаў - у Кіеве на Майдане. Пра гэта заявіў лідар Удар Віталь Клічко ў звароце да грамадзян.
"Ва Украіне адбылося тое, чаго не было за час незалежнасці і тое, што, не снілася людзям у дурным сне - баявыя дзеянні ў цэнтры сталіцы. І да гэтай сітуацыі давяла ўлада", - цытуе Клічко прэс-служба УДАРу.
Палітык адзначыў, што ўлада, якая два месяцы не чуе грамадзян і робіць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца, абвясціла вайну народу Украіны, і гэта прывяло да такіх страшных наступстваў. "Я заклікаю ўсіх грамадзян і патрыётаў абараніць сваю краіну і сваю будучыню! Сёння месца ўсіх неабыякавых - у сталіцы. На Майдане", - адзначыў лідар УДАРу.
Клічко дадаў, што ўлада сцягвае да сталіцы байцоў з усёй краіны. "Але нас больш. І мы будзем разам! Сядайце ў машыны, маршруткі, аўтобусы. Вы патрэбныя тут, каб перамагла Украіна, а не Януковіч", - сказаў Клічко.
Нагадаем, учора на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, каля стадыёна "Дынама" імя Лабаноўскага, прыкладна а 15:00 група колькасцю некалькі сотняў чалавек паспрабавала прарвацца праз блок-пост сіл МУС да будынка Вярхоўнай Рады, каб затым запатрабаваць ад парламента адмены шэрагу прынятых ёю 16 студзеня законаў, якія істотна абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян.
Узнік канфлікт, міліцыю сталі закідваць палкамі, камянямі, петардамі. Спаленыя некалькі аўтобусаў і грузавікоў праваахоўнікаў. У працэсе сутыкнення падцягнулася яшчэ некалькі тысяч удзельнікаў антыўрадавай акцыі пратэсту. Праваахоўнікі адказалі пратэстоўцам святло-шумавымі гранатамі, гранатамі са слёзатацечным газам і вадамётамі. Колькасць пацярпелых з абодвух бакоў вылічаецца дзесяткамі.
Фота: AFP