МЗС Латвіі параіла Пуціну пашукаць нацыстаў у люстэрку
10- 15.10.2014, 17:16
- 18,593
МЗС Латвіі назвала словы расейскага прэзідэнта аб неанацызме ў краінах Балтыі "рыторыкай, якая не мае ніякай сувязі з рэальнасцю".
У Расеі жахлівымі тэмпамі нарастаюць такія з'явы як экстрэмізм, нецярпімасць і агрэсіўны нацыяналізм, на што неаднаразова звярталі ўвагу аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Латвіі Карліс Эйхенбаўмс, піша zn.ua.
"Расеі варта зірнуць на сябе ў люстэрка", - заявіў Эйхенбаўмс, каментуючы словы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна аб тым, што неанацызм стаў "ужо штодзённай рэччу ў Латвіі".
Супрацоўнік МЗС падкрэсліў, што сцвярджэнні аб штодзённасці праяў нацызму ў Латвіі і краінах Балтыі - гэта рыторыка, якая не мае ніякай сувязі з рэальнасцю.
"Гэтую рыторыку ўжо гадамі агучваюць расейскія службовыя асобы. Гэта элемент інфармацыйнай вайны, якую Расея вядзе з краінамі Балтыі і іншымі дэмакратычнымі дзяржавамі. Такія заявы ўжо не здзіўляюць інфармаваных людзей, якія прытрымліваюцца аб'ектыўных пазіцый", - сцвярджае прадстаўнік МЗС Латвіі.
Раней Крэмль абвінавачваў улады Латвіі і Эстоніі ў парушэнні статусу і палажэнні расейскай мовы.
Як вядома, урады Літвы, Эстоніі і Латвіі неаднаразова заяўлялі, што адчуваюць пагрозу ў свой адрас у сувязі з удзелам Расеі ва ўкраінскім канфлікце.