На курорце ў Казахстане прапануюць прыняць ванну з чорнай ікрой
2- 26.10.2014, 11:38
- 7,050
Казахстанскі курорт Кендэрлі збіраецца завабліваць алігархаў эксклюзіўнымі прапановамі, сярод якіх «SPА з чорнай ікрой для сапраўдных гурманаў» і «танцы з цюленямі».
Пра гэта піша The Guardian у артыкуле, падрыхтаваным па матэрыялах EurasiaNet.org са спасылкай на Tengri News.
Дэвелаперы маюць намер на працягу некалькіх гадоў пабудаваць на ўсходнім узбярэжжы Каспійскага мора турыстычны комплекс коштам у 3,3 мільярда даляраў. Паводле плану, гаворыцца ў артыкуле, да 2020 годзе яго павінны будуць наведваць больш за паўмільёна турыстаў штогод.
Палова з іх, як мяркуецца, будзе прыязджаць з-за мяжы, прычым «за найбольш шматабяцальны рынак разглядаецца Расея».
Цяпер праект знаходзіцца на стадыі пошуку фінансавання, цікавасць да яго ўжо выказалі інвестары з Ірана. Але «адной толькі ванны з ікрой рыб, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання, не будзе дастаткова», піша аўтар нататкі, праводзячы тым самым аналогію з туркменскім курортам Аваза. Ён адкрыўся на ўзбярэжжы таго ж Каспійскага мора яшчэ пяць гадоў таму, але «велізарныя натоўпы турыстаў там так і не матэрыялізаваліся».