28 снежня 2024, Субота, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы асцерагаюцца, што суд над Мікалаем Дзядком будзе закрытым

6
Праваабаронцы асцерагаюцца, што суд над Мікалаем Дзядком будзе закрытым

Мікалай Дзядок, на жаль, не першы палітвязень, у дачыненні да якога прымяняецца артыкул 411 КК РБ.

20 лістапада з'явілася інфармацыя аб крымінальнай справе ў дачыненні да Мікалая Дзядка паводле часткі 1 артыкула 411 КК РБ - злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Гэта пагражае палітвязню дадатковым годам зняволення, піша ПЦ «Вясна».

Артыкул 411 КК РБ - артыкул, на які неаднаразова звярталі ўвагу і «Вясна» і іншыя праваабарончыя арганізацыі ў сувязі з тым, што ён, як спадчына Савецкага Саюза, перавандраваў у сучаснае крымінальнае заканадаўства Беларусі, але аналагаў гэтага артыкула няма, напрыклад, ні ў заканадаўстве РФ , ні ў заканадаўстве Украіны. У свой час гэты артыкул ужывалася ў дачыненні да такой катэгорыі зняволеных як «крымінальныя аўтарытэты», напэўна, каб савецкай уладзе было прасцей весці з імі барацьбу. Бо крымінальная справа паводле 411 артыкула распачынаецца за сістэматычнае невыкананне патрабаванняў адміністрацыі папраўчай установы, гэты артыкул прадугледжвае прыцягненне да адказнасці за неаднаразовыя дысцыплінарныя спагнанні, якія накладаліся на зняволенага, гэта значыць, ён ужо быў пакараны. Фактычна гэта пралангаванне тэрміну зняволення ў турме. Як адзначаюць праваабаронцы, небяспека ў тым, што гэты крымінальны артыкул дае магчымасць яе селектыўнаму прымяненню ў дачыненні да «непажаданых» зняволеных.

Намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч нагадвае, што Мікалай Дзядок - на жаль, не першы палітычны вязень, у дачыненні да якога прымяняецца гэты артыкул. «Раней паводле гэтага артыкуле судзілі Дзмітрыя Дашкевіча. Суд над ім праходзіў у закрытым рэжыме, на тэрыторыі калоніі, там не маглі прысутнічаць ні грамадзяне, ні прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, ні прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Прысутнічалі выключна ўдзельнікі працэсу, гэта значыць, сам Дашкевіч і яго адвакат», - заявіў ён.

Праваабаронца выказвае засцярогу, што судовы працэс у справе Мікалая Дзядка можа прайсці пры такіх жа абставінах.

Узмацненне ціску супраць палітычных зняволеных праваабаронцы разглядаюць у агульным рэчышчы падзей апошніх месяцаў.

«Справа Мікалая Дзядка ў сукупнасці з крымінальнай справай апазіцыйнага актывіста Юрыя Рубцова, касацыя ў якіх адбудзецца заўтра, інфармацыяй аб дысцыплінарных пакараннях у дачыненні да іншых палітвязняў (напрыклад, за апошнія месяцы Ігар Аліневіч у калоніі «Віцьба-3» у карцэры правёў 40 дзён) дазваляюць казаць пра тое, што мы назіраем тэндэнцыю да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Гэта значыць, палітычныя зняволеныя не вызваляюцца, а іх колькасць павялічваецца. Нас гэтая тэндэнцыя насцярожвае, і мы яе звязваем, безумоўна, з надыходам года прэзідэнцкіх выбараў», - кажа Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы асцерагаюцца, што ў наступным годзе ў Беларусі будзе назірацца далейшае павышэнне ўзроўню палітычных рэпрэсіяў на фоне правядзення чарговай электаральнай кампаніі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках