Пад Пінскам устанавілі крыж у гонар паўстанцаў Каліноўскага
6- 23.11.2014, 20:25
- 10,052
Невядомыя паставілі крыж на месцы пахавання ўдзельнікаў вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў у вёсцы Бакінічы.
Паўстанцы загінулі летам 1863 года падчас рэйду па Палессі Рамуальда Траўгута, «Радыё Рацыя».
Раней крыж быў драўляны, ёсць нават фотаздымак, зроблены ў пачатку 20-га стагоддзя, але ў 1944 году ўсю вёску знішчылі нацысты. Пра гэта распавядае пінскі краязнаўца Эдвард Злобін.
- У 1944 годзе яе цалкам спалілі і зараз структура вуліц зусім змянілася, але засталося месца, дзе размяшчаліся радавыя могілкі, дзе калісьці стаяла капліца. Побач на гэтых жа могілках, ёсць такі стары фотаздымак, была магіла паўстанцаў. У гэтым годзе на радавых могілках, дзе знаходзіліся пахаванні паўстанцаў 1863 года, ініцыятыўная група ўстанавіла вялікі металічны крыж, - распавёў ён.
Паводле слоў мясцовых жыхароў, крыж паставіла група невядомых людзей яшчэ ў жніўні. Яны не прадстаўляліся, усё зрабілі хутка, а месца пахавання ведалі дакладна.