Гледачы канцэрта «Акіяна Эльзы» абскардзілі канфіскацыю сцягоў Украіны
11- 25.11.2014, 9:06
- 19,245
Скаргі пададзеныя ў пракуратуру і міліцыю.
Пра гэта ссайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская Дэмакратыя».
Вольга Кавалькова, Марына Хоміч, Ксенія Лапская і Вікторыя Радзіеўская падалі скаргу ў РАУС і пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска, «Менск-Арэну» і пасольства Украіны ў Беларусі ў сувязі з канфіскацыяй украінскіх сцягоў на канцэрце гурту «Акіян Эльзы».
У скарзе адзначаецца, што ні на квітках на канцэрт, ні на сайце «Менск-Арэны», ні па тэлефоне спарткомплексу нічога не гаварылася аб забароне праносіць украінскія сцягі. Аднак пры наведванні канцэрта 21 лістапада невядомыя ў цывільным без якіх-небудзь дакументаў адмовіліся прапускаць іх са сцягамі Украіны, прычын гэтага яны не патлумачылі, прадставіцца адмовіліся.
«Пасля забароны прайсці на канцэрт са сцягамі Украіны, адзін з супрацоўнікаў сказаў, што будзе тэлефанаваць удакладняць у Цэнтральны РУУС Менска, хто мы і яшчэ нейкую інфармацыю. Пасля чаго да нас падышоў яшчэ адзін супрацоўнік, які прадставіўся, як Мікалай, і папрасіў нас выйсці з будынка «Менск-Арэны» для размовы, ад чаго мы адмовіліся. Таксама нам сказалі, што калі мы не здадзім сцягі ў камеры захоўвання, а будзем настойваць на законным наведванні канцэрта са сцягамі, то нас даставяць у Цэнтральны РУУС для разбору», - гаворыцца ў скарзе.
Дзеянні людзей у цывільным, якія не прадставіліся і адмовіліся патлумачыць прычыны абмежаванняў, пазоўнікі разглядаюць, як парушэнне сваіх правоў і законных інтарэсаў. У сувязі з гэтым яны просяць растлумачыць, на падставе чаго быў забаронены пранос сцягоў Украіны на канцэрт, а таксама правесці праверку паводле фактаў здзяйснення людзьмі ў цывільным незаконных дзеянняў.