Лукашэнка патрабуе весці разлікі з Расеяй у еўра і далярах
30- 18.12.2014, 12:53
- 27,679
Дыктатар абураны стратамі, якія нясе Беларусь у гандлі з РФ.
Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе ў эканамічных пытаннях, паведамляе БелТА.
«Апошнім часам я ўсё часцей чую - ах, расейскі рубель абрынуўся, а там 40% нашага экспарту, і мы нясем страты, - адзначыў Лукашэнка. - Але што зробіш, такі ў нас сёння партнёр і такая сітуацыя ў Расеі і Украіне - гэта таксама наш партнёр. Але бязвыхаднай сітуацыі няма. Калі дзе-небудзь штосьці губляем, то трэба знаходзіць у іншым месцы».
Напрыклад, у скарачэнні сабекошту. «Пакуль жывем на шырокую нагу, балюем і думаем, што так будзе і далей. Не трэба напружвацца. Мне ва ўрадзе штодня паведамляюць аб харчаванні - няма праблем са спажыўцамі ў Расеі ў аплаце ў рублях. Абрынуўся рубель да 70 за адзін даляр - мы такі кошт і закладваем. Мы працуем паводле папярэдняй аплаты, правільна, так і павінна быць. Іншага не дадзена», - заявіў ён.
Больш за тое - ураду пастаўленая задача гандляваць не за расейскія рублі, а за даляры. «Бо мы плацім за электраэнэргію - не ў рублях, а ў далярах. Гэта, дарэчы, хіба ў працы ўрада Расеі - трэба было даўно працаваць і патрабаваць з іх, каб яны нам таксама плацілі ў цвёрдай валюце - у далярах і еўра. Мне дакладвае ўрад, што лёд крануўся. Пакупнікі нашай прадукцыі ў Расеі плацяць у далярах. Калі ў рублях - то ў адпаведнасці з курсам на сённяшні дзень, на сённяшні час», - падкрэсліў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ва ўсіх гэтых пытаннях хочацца пачуць на сённяшняй нарадзе дакладныя і зразумелыя тлумачэнні. «Скардзіцца на сітуацыю няма сэнсу. Мы дамовіліся: у кожнай сітуацыі павінны жыць і працаваць, іншага не дадзена», - падкрэсліў ён.