Наталля Радзіна: Папраўкі ў "Закон аб СМІ» прынятыя праз сайт Хартыя-97
23- 19.12.2014, 18:52
- 25,153
Беларусь сёння скацілася да ўзроўню Узбекістана і Туркменістана.
Доступ з Беларусі да сайта charter97.org заблакаваны. Блакаванне ідзе праз адно са структурных падраздзяленняў «Белтэлекама».
«Радыё Рацыя» звярнулася па каментар да рэдактара charter97.org Наталлі Радзінай. Яна ўпэўненая, што сітуацыя звязаная як з новым законам «Аб СМІ», так і з сітуацыяй на валютным рынку краіны:
- У краіне зараз адбываецца валютная паніка. Практычна на 30% абваліўся курс рубля. Людзі стаяць у чэргах у абменніках, спрабуюць скупляць валюту. Давер да ўлады на нулі. І ў гэтай сітуацыі Лукашэнка, мабыць, вырашыў блакаваць апошнія крыніцы незалежнай інфармацыі, у прыватнасці сайт Хартыі-97. Яны дзейнічаюць у спешцы: відаць, не паспяваюць, эканамічныя ўмовы імкліва пагаршаюцца, таму вырашылі заблакаваць сайт раней, чым уступіў у сілу новы закон «Аб СМІ».
Гэты закон прымаўся з большага праз сайт charter97.org, кажа Наталля Радзіна, паколькі ўлады баяцца такога папулярнага інтэрнэт-рэсурсу, які не падлягае цэнзуры. Фактычна, адзначае рэдактар, Беларусь сёння скацілася да ўзроўню Узбекістана і Туркменістана.
Рэдакцыя Хартыі-97 была гатовая да такога развіцця падзей:
- Мы паведамлялі чытачам, як абыходзіць гэты блок. Будзем распаўсюджваць гэтую інфармацыю далей. Думаю, што беларусы знойдуць спосаб, як чытаць свой любімы сайт.