Дэмакратычныя сілы патрабуюць разблакаваць «Хартыю» і іншыя незалежныя сайты
2- 23.12.2014, 15:53
- 8,929
23 снежня на чарговым пасяджэнні «сямёркі» дэмакратычных сіл адбылося падпісанне сумеснай заявы супраць інтэрнэт-цэнзуры ў Беларусі.
Заяву падпісалі лідары БХД, АГП, ПБНФ, БСДП (Г), «Гавары праўду» і руху «За свабоду». Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» прыме сваю пастанову аб далучэнні бліжэйшым часам.
Таксама быў запланаваны шэраг сумесных пікетаў у рэгіёнах і мітынг, паведамілі charter97.org у прэс-службе БХД.
«Пачынаючы з 19 снежня беспадстаўна былі заблакаваныя найбольш папулярныя незалежныя інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы ў Рэспубліцы Беларусь. Большасць з іх застаецца недаступнымі на тэрыторыі краіны па гэты дзень. Прынамсі, без тлумачэння прычын быў заблакаваны доступ да сайтаў Charter97.org, belapan.com і belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, racyja.com .
Мы, ніжэйпадпісаныя прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, выказваем пратэст супраць беспрэцэдэнтнай цэнзуры ў беларускім інтэрнэце. Рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, якія адбыліся 19 снежня 2014 г, параўнальныя з рэпрэсіямі 19 снежня 2010 супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі. За адзін дзень Беларусь паводле ўзроўню свабоды інтэрнэту апусцілася да ўзроўню Кітая, Ірана, Кубы.
Заблакаваныя самыя папулярныя незалежныя інтэрнэт-сайты, адбываецца парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сусветна прынятых нормаў правоў чалавека і дзейнага заканадаўства Беларусі.
Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы Беларусі стаць на абарону незалежных СМІ. Мы заклікаем грамадзян Рэспублікі Беларусь выказаць салідарнасць з журналістамі, распаўсюджваць інфармацыю аб тым, як можна абыйсці блакаванне.
Мы патрабуем ад беларускіх уладаў вярнуць свабоду інтэрнэту ў Беларусі. Заклікаем усе праваабарончыя арганізацыі, урады дэмакратычных краін Еўропы звярнуць увагу на чарговы ўдар па свабодзе слова ў Беларусі і падтрымаць беларускіх журналістаў.
Мы канстатуем, што аднаўленне палітычных кантактаў з беларускім рэжымам заходніх палітыкаў, якія адбываліся апошнія месяцы, на жаль, не прывяло да паляпшэння сітуацыі ў Беларусі, але было ўспрынятае як маўклівая згода на далейшае ўзмацненне рэпрэсій супраць дэмакратычнага грамадства, супраць беларускага народа. Мы заклікаем міжнародную супольнасць не ісці на сустрэчу рэжыму, які зняпраўджвае базавыя еўрапейскія каштоўнасці, і заклікаем да адэкватнай рэакцыі з боку міжнароднай супольнасці, міжнародных праваабарончых арганізацый, міжнароднай журналісцкай супольнасці.
Мы заклікаем усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі, як унутры краіны, так і за яе межамі, аб'яднацца для абароны беларускіх незалежных СМІ.
Абаронім незалежную прэсу - захаваем незалежную Беларусь!»- Гаворыцца ў заяве.
Подпісы пад заявай паставілі:
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі,
Старшыня руху «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў,
Намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Рух «За свабоду» Юрась Губарэвіч,
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька,
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч,
Старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.