CPJ: Charter97.org і іншыя сайты павінны быць неадкладна разблакаваныя
15- 24.12.2014, 13:55
- 24,018
Камітэт абароны журналістаў патрабуе спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ ў Беларусі.
Пра гэта гаворыцца ў заяве міжнароднай праваабарончай арганізацыі, атрыманай рэдакцыяй charter97.org.
«Беларусь ужо з'яўляецца адным з самых рэпрэсіўных грамадстваў свету, і новыя папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі наклалі дадатковыя абмежаванні на свабоду прэсы і свабоду выказвання поглядаў, - заявіла каардынатар праграмы Камітэта абароны журналістаў (Committee to Protect Journalists, CPJ) у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, Ніна Агнянава. - Паколькі традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі ўжо знаходзяцца пад ціскам, урад узяўся за цэнзуру інтэрнэту - апошнюю пакінутую пляцоўку для незалежных навін і абмену думкамі. Мы заклікаем улады Беларусі адмовіцца ад гэтых абмежавальных мер».
На мінулым тыдні «парламент» прыняў папраўкі да абмежавальнага закону аб СМІ, а Аляксандр Лукашэнка падпісаў іх 20 снежня, нагадвае CPJ са спасылкай на інфармацыйныя агенцтвы. Арганізацыя выказвае занепакоенасць у сувязі з узмацненнем і расплывістымі фармулёўкамі палажэнняў закона, дзеянне якога распаўсюджваецца на традыцыйныя і на інтэрнэт-СМІ. Папраўкі ўвойдуць у дзеянне з 1 студзеня.
Яны «былі прынятыя прыкладна ў адзін час з блакаваннем некаторых незалежных інтэрнэт-СМІ, у тым ліку Charter97.org і іншых навінавых сайтаў у адплату за асвятленне рэакцыі грамадзян на абясцэньванне беларускага рубля. Вэб-сайты, якія былі заблакаваныя па-за залежнасці ад закона, дагэтуль недаступныя.
Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна аднавіць доступ да незалежных онлайн-СМІ. Блакаванне рэсурсаў, якія кажуць пра факты, непрыемныя для ўладаў, не прымушаюць гэтыя факты знікнуць», - заявіла прадстаўнік CPJ.
Нагадаем, на гэты момант блакаванне сайта Charter97.org на тэрыторыі Беларусі працягваецца пяты дзень. Інструкцыя па абыходзе блакавання знаходзіцца тут.