Берасцейскага журналіста аштрафавалі на 6 мільёнаў
1- 24.12.2014, 14:37
- 12,368
Суд Ленінскага раёна Берасця аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (6 млн рублёў) берасцейскага журналіста Алеся Леўчука.
Яго абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (паводле часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях), паведамляе БелаПАН.
Ляўчук мяркуе, што пастанова суда было прынятая загадзя. «Суддзя ніякія мае довады не разглядала, выразна вяла сваю лінію. Я азнаёміўся з матэрыяламі справы, там было выразна напісана: КДБ устаноўлена, што я працую на тэлеканал «Белсат», хоць гэта не было ніяк даведзена», - сказаў ён.
Са слоў журналіста, на судзе быў разгледжаны адказ з Міністэрства замежных спраў, у якім гаворыцца, што ў Леўчука няма акрэдытацыі ў якасці замежнага журналіста. Сам журналіст падаў у судзе пісьмовае пацверджанне, што ён з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам БелаПАН, а таксама рэдакцыйнае пасведчанне, аднак «гэта нават не разглядалася».
«Калі я ўбачыў, што гэта цырк і ніхто не збіраецца разглядаць справу, я адмовіўся даваць паказанні і адказваць на пытанні», - сказаў журналіст.
Ён мае намер абскардзіць пастанову ў абласным судзе.
Нагадаем, гэта ўжо 14-я пастанова, прынятая сёлета ў дачыненні да журналістаў паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП.