«Майдан замежных спраў» патрабуе апублікаваць вынікі перамоў у Менску
1- 25.12.2014, 18:03
- 11,771
Дыпламаты звярнуліся з адпаведным запытам да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны.
«Майдан замежных спраў» просіць, улічваючы «значны грамадска-палітычны рэзананс, звязаны з вынікамі пасяджэнняў Трохбаковай кантактнай групы адносна сумесных крокаў, накіраваных на імплементацыю мірнага плана Пятра Парашэнкі і ініцыятыў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, праінфармаваць грамадскасць як адносна дэталей перамоў, так і ў дачыненні да вынікаў і іх дакументальнага замацавання», паведамляе УНІАН.
Так, у інфармацыйным запыце пастаўленыя наступныя пытанні:
- Ці былі прадстаўленыя паўнамоцтвы дэлегацыі Украіны на перамовы ў згаданым вышэй фармаце?
- Ці былі аформленыя ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, і зацверджаныя адпаведныя дырэктывы дэлегацыі Украіны на перамовы?
- Ці быў утвораны і зацверджаны склад дэлегацыі Украіны на вышэйзгаданыя перамовы?
- Ці быў уключаны Руслан Дземчанка ў склад дадзенай дэлегацыі Украіны і хто менавіта прымаў адпаведнае рашэнне?
«Улічваючы, што згаданыя «менскія дамоўленасці» службовымі асобамі Адміністрацыі прэзідэнта Украіны прэзентуюцца ў якасці механізму імплементацыі мірнага плана прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, былі б удзячныя за тлумачэнні юрыдычнага статусу адпаведных пратаколаў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам (міжнародны дагавор, пагадненне, пратакол і т. п.)», - гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, перамовы ў Менску прайшлі ўчора. Яны прадаўжаліся пяць гадзін. Афіцыйных вынікаў перамоў украінскі бок не паведаміў.