Тэрарысты ДНР чакаюць сігналу з Масквы і запрашэння з Менска
2- 27.12.2014, 15:29
- 13,200
Дата наступнай сустрэчы кантактнай групы залежыць ад Менска і расейскіх пасярэднікаў.
Пра гэта заявіў прадстаўнік самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР) на менскіх перамовах Дзяніс Пушылін, паведамляе «Інтэрфакс».
«Усё будзе залежаць ад ініцыятараў сустрэчы - Менска і расейскіх прадстаўнікоў. Пакуль ад гэтых бакоў ніякай інфармацыі мы не атрымлівалі», - сказаў ён.
Прадстаўнік «ДНР» паведаміў, што на гэты момант невядомы таксама і фармат другога раўнда перамоваў. «Мы пакуль не валодаем інфармацыяй пра дату правядзення другога раўнда перамоваў. Невядома і ў якой форме яны будуць праходзіць, пры асабістым удзеле чальцоў кантактнай групы або дыстанцыйна з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій, напрыклад, скайпа», - сказаў ён.
Перамовы кантактнай групы ва ўрэгуляванні на ўсходзе Украіны прайшлі ў Менску 24 снежня. Дата правядзення чарговай сустрэчы пакуль не называецца. Напярэдадні Пушылін заявіў, што ў «ДНР» і «ЛНР» зрабілі усё, што ад іх залежыць, для падрыхтоўкі да чарговага раўнда кансультацый, аднак да гэтага часу не атрымалі запрашэнні на ўдзел у перамовах. Прынамсі, у самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспубліцы» не выключылі магчымасці правядзення такой сустрэчы ў нядзелю ці панядзелак, заявіў у суботу паўнамоцны прадстаўнік «ЛНР» на перамовах у Менску Уладзіслаў Дэйнэга.